Затрыманага ў В'етнаме экс-байца палка Каліноўскага выдалі ў Беларусь

Затрыманы Васіль Верамейчык

Затрыманы Васіль Верамейчык / тэлеканал АНТ

Гісторыя з затрыманнем экс-байца палка Каліноўскага, затрыманага ў Азіі, атрымала цяжкі паварот: яго ўжо экстрадзіравалі ў Беларусь. Кадры з выдадзеным мужчынам паказалі на дзяржтэлеканале АНТ.

Стала вядома, што гэта 34-гадовы Васіль Верамейчык, былы афіцэр беларускага войска, сябра Каардынацыйнай Рады. Яго затрымалі ў Хашыміне 13 лістапада, а ўжо 14-га выдалі ў Беларусь. Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак паведаміў, што экстрадыцыя адбылася паводле запыту КДБ. Прычына — служба Верамейчыка ў палку Каліноўскага.

"Наша Ніва" піша, што Верамейчык скончыў Вайсковую акадэмію і служыў у Печах. У 2016-м ён звольніўся з войска і працаваў у ІТ-сферы. У 2020-м палтрымаў рух за перамены, зазнаў пераслед, у 2021-м эміграваў з сям'ёй ва Украіну.

Блок Пракоп'ева-Ягорава ў Каардынацыйнай Радзе паведамляе, што Верамейчыка затрымалі пад фармальнай нагодай удзелу ў бойцы. Удзельнікі блока звярнуліся па дапамогу да МЗС ЗША, Польшчы і Украіны, каб высветліць справу і не дапусціць экстрадыцыі Верамейчыка ў Беларусь, але не паспелі. Сам экс-каліновец быў дэлегатам КР менавіта ў складзе гэтага блока.

Паведамляецца, што амаль ніхто з мясцовых адвакатаў не хацеў брацца за гэтую справу. "Тыя, хто пагадзіліся, не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі ад паліцыі, якая адмаўлялася даваць любыя каментары. Толькі 19 лістапада чалавеку на месцы ўдалося атрымаць ад паліцыі неафіцыйны адказ, што Васіля забралі і дэпартавалі ўжо на наступны дзень пасля затрымання", — паведамляе Блок Пракоп'ева-Ягорава.

Дэлегаты КР пішуць, што Верамейчык (пазыўны "Пацук") быў намеснікам камандзіра батальёна "Волат", удзельнічаў у баях на поўдні і ўсходзе Украіны. У красавіку 2022-га быў паранены ў баі ў Мікалаеўскай вобласці. Узнагароджаны медалём.

У яго ўзнік канфлікт са штабам палка Каліноўскага. "Па просьбе штаба палка Кастуся Каліноўскага, з якім у байцоў узнік канфлікт, Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны (ГУР) закрыла Васілю ўезд ва Украіну. Пазней урад Літвы забараніў яму ўезд у Еўрасаюз", — гаворыцца ў паведамленні. Пасля гэтага Верамейчык вырашыў паехаць у В'етнам, дзе ў яго былі сябры, але трапіў у рукі КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі