Затрыманне гендырэктара "Уралкалія" ў Мінску
Гендырэктар “Уралкалія” і старшыня назіральнай рады "Беларускай калійнай кампаніі" Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы беларускімі спецслужбамі 26 жніўня 2013 года ў аэрапорце Мінска.
У Беларусь ён прыехаў па запрашэнні прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Яны збіраліся разглядзець пытанні, звязаныя з дзейнасцю Беларускай калійнай кампаніі. Сустрэча адбылася, а пасля яе Баўмгертнер выехаў у аэрапорт. Падчас афармлення на рэйс да Масквы яго затрымалі па падазрэнні ў перавозцы наркотыкаў. Адразу ён быў дастаўлены ў турму КДБ у Мінску.
29 жніўня Баўмгертнеру было выстаўлена абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 мільёнаў долараў.
Паводле звестак Следчага камітэта Беларусі, Баўмгертнер і іншыя асобы, "выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы ў БКК" у таямніцы ад беларускага боку "падпісваючы дакументы БКК, прадастаўлялі незаконныя зніжкі на прадукцыю асобным пакупнікам". Яны "перанакіроўвалі зафрахтаваныя пад беларускі калій судны на загрузку прадукцыяй "Уралкалія", разрываючы выгадныя дзейныя кантракты, абяцаючы партнёру заключыць іх з "Уралкаліем" па больш нізкіх коштах".
Таксама, сцвярджаюць беларускія правахоўнікі, "аказваўся ціск на супрацоўнікаў, каб яны перайшлі з БКК ва "Уралкалій", апусціліся да банальнага крадзяжу камп’ютараў з важнай камерцыйнай інфармацыяй".
Шэраг кіраўнікоў БКК абвешчаны ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол. Па справе праходзяць таксама сябра назіральнай рады Алег Пятроў, першы намеснік гендырэктара Канстанцін Саладоўнікаў, намеснік гендырэктара па фінансах Ігар Яўстратаў, начальнік фрахтавага аддзела Дзмітрый Самойлаў ды іншыя.