Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч перавялі ў следчы ізалятар
Журналіста Паўла Мажэйку раніцай у пятніцу перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар. Гэта можа азначаць, што яму выстаўлена абвінавачванне і выбрана мера стрымання, піша @belsat.
Мажэйку затрымалі 30 жніўня ў Гродне. Ён якраз прыехаў адведаць бацькоў. Прычына затрымання дагэтуль невядомая.
У СІЗА перавялі і Юлію Юргілевіч (днямі яе затрымалі таксама ў Гродне). Не выключана, што яна з Мажэйкам праходзіць па адной справе.
Павел Мажэйка — вядомы гродзенскі журналіст. У 2002 годзе ён быў асуджаны на два гады хіміі за "паклёп" на Аляксандра Лукашэнку. Ён кіраваў гродзенскім "Цэнтрам гарадскога жыцця", але ўлады яго ліквідавалі. Вясной 2021-га Мажэйку затрымлівалі па справе выставы, на якой быў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выкананы мастаком Алесем Пушкіным. Праз трое сутак Паўла Мажэйку вызвалілі. Пушкін быў асуджаны на 5 гадоў зняволення. Яго прызналі вінаватым у "наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб" і "здзеку з дзяржаўных сімвалаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.