Жыхара Наваполацка арыштавалі за стары пост пра гібель Рамана Бандарэнкі
Фатаграфія Рамана Бандарэнкі ў Мінску
Сем сутак адміністрацыйнага арышту прысудзілі жыхару Наваполацка, у сацсетках якога знайшлі стары пост у памяць пра забітага сілавікамі Рамана Бандарэнку, піша "Зеркало".
Паведамляецца, што публікацыю за 2020 год у сацсетцы "Вконтакте" знайшоў міліцыянт Наваполацкага гараддзялення, які "маніторыў" сацсеткі. Там была фатаграфія Рамана Бандарэнкі з бел-чырвона-белымі стужкамі ў руках і подпіс "Не забудзем!".
14 лютага мужчыну затрымалі і склалі пратакол за правядзенне несанкцыянаванага пікету без дазволу гарвыканкама.
Суд адбыўся на наступны дзень. Судзіла яго, як гаворыцца ў Банку судовых рашэнняў, "суддзя Б." — верагодна, гэта Зінаіда Балаболава, якая вынесла ўжо больш за сотню палітычных прысудаў. На судзе мужчына прызнаў віну і не адмаўляў, што размясціў згаданы пост.
Раман Бандарэнка загінуў у лістападзе 2020 года. Рэжым Лукашэнкі так і не назваў вінаватых у гэтай смерці, хаця дазно былі абнародаваныя відэа з месца падзеяў і тэлефонныя перамовы ўдзельнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.