16 смерцяў на сумленні ўладаў. Узгадваем загінулых на пратэстах і ў турмах
Аляксандр Тарайкоўскі за некалькі хвілін да смерці
У дзень смерці Рамана Бандарэнкі "Прававая ініцыятыва" публікуе справаздачу пра 16 беларусаў, якія загінулі падчас масавых пратэстаў 2020 года або пасля іх — у месцах пазбаўлення волі. За гэтыя смерці да гэтага часу ніхто не адказаў.
Была распачатая толькі адна крымінальная справа — пасля таго, як 12 лістапада 2020 года памёр Бандарэнка. Цяпер яна прыпыненая "ў сувязі з немагчымасцю выявіць асобу, якая мае дачыненне да злачынства". Хаця журналісты ўжо даўно з высокай доляй верагоднасці выявілі датычных да гэтага забойства.
Вось імёны загінулых удзельнікаў пратэстных выступаў:
1. Аляксандр Тарайкоўскі
2. Андрэй Зельцэр
3. Генадзь Шутаў
4. Зміцер Стахоўскі
5. Канстанцін Шышмакоў
6. Мікіта Крыўцоў
7. Раман Бандарэнка
8. Уладзімір Крысёнак
У кожнага свая гісторыя. Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава застрэлілі сілавікі. Мікіту Крыўцова знайшлі павешаным у лесапаласе на ўскрайку Мінска. Зміцер Стахоўскі выкінуўся з 16 паверха інтэрната — на яго ціснулі са Следчага камітэта.
Вось імёны палітычных зняволеных, якія загінулі ў месцах пазбаўлення волі пасля 2020 года:
1. Аляксандр Віхор
2. Вітольд Ашурак
3. Зміцер Дудойць
4. Алена Амеліна
5. Сяргей Шчацінка
6. Мікалай Клімовіч
7. Алесь Пушкін
8. Дзмітрый Сарокін
У часе выбарчай кампаніі 2020 года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі рэзка пагоршылася. На вылучэнне папулярных кандыдатаў у прэзідэнты і пратэсты, звязаныя з іх затрыманнямі і падлікам галасоў, улады адказалі масавымі рэпрэсіямі. Дзясяткі тысяч грамадзянаў Беларусі аказаліся ў турмах.
Праваабаронцы зазначаюць, што рэжым Лукашэнкі не прыняў захадаў для абароны права на жыццё грамадзян, чые імёны пералічаныя вышэй, і яго дзеянні падлягаюць ацэнцы з пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права. Інакш кажучы, дзяржава не выконвае функцыі па абароне правоў чалавека, якія на яе ўскладзеныя міжнароднымі абавязальніцтвамі, Канстытуцыяй Беларусі і нормамі нацыянальнага права.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.