Дзве скрыні "Масандры": пра што дамаўляліся "Натуля" і "Дзіма"
Дзмітрый Баскаў і Наталля Эйсмант
Экстрэмісцкі тэлеграм-канал апублікаваў 20-хвілінны запіс некалькіх тэлефонных званкоў. Нехта "Дзіма" дамаўляецца з "Натулікам" пра сумесную паездку "ў двары", дзе ёсць "стужачкі". Крыніца інфармацыі сцвярджае, што гэта Наталля Эйсмант, прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, і Дзмітрый Баскаў, кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі і галоўны трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі.
Пацвердзіць сапраўднасць званкоў немагчыма. Аднак у дні, калі былі зроблены запісы (18 і 19 кастрычніка), чалавек, падобны да Дзмітрыя Баскава, быў заўважаны сярод тых, хто зразаў белыя і чырвоныя стужачкі ў дварах у жылым комплексе "Мегаполіс". Крыніца Еўрарадыё пацвярджае, што жаночы голас належыць прэс-сакратарцы Лукашэнкі.
У размовах называецца некалькі прозвішчаў. Такія ж прозвішчы носяць высокапастаўленыя сілавікі: Шахраеў, Кубракоў. Згадваецца абрэвіятура СБП — гэтаксама скарачаецца назва Службы бяспекі прэзідэнта. Яшчэ знаёмае прозвішча — Шакута, яно часта гучыць у абмеркаваннях забойства Рамана Бандарэнкі на "Плошчы Перамен".
Што ж планавалі, што абмяркоўвалі блізкія да Лукашэнкі людзі? "Аперацыю" па зразанні белых і чырвоных стужачак у мінскім двары. Ахвотных паўдзельнічаць у ёй набралася 11 чалавек. Ну, 12 — разам з кіроўцам.
Званок №1. Першае з'яўленне "Масандры"
— Алё.
— Дзіма, Дзіма. У нас ужо вырубілі інтэрнэт проста [ў нядзелю, 18 кастрычніка, хуткасць інтэрнэту ў Мінску была абмежаваная падчас пратэставага маршу. — Еўрарадыё].
— Я зразумеў.
— Нічога не даходзіць.
— Чуеш, а ты можаш мне даць нумары машын, усіх сабраць, ну там у найбліжэйшыя пару гадзін, не тэрмінова.
Званок №2. Дык “Масандру” браць?
— Алё.
— Дзіма.
— Так, Натуль.
— Ну, што ты робіш?
— Нічога, дома качаюся.
— Хі-хі-хі, і ўжо [неразборліва, падобна да "пазяхаеш". — Еўрарадыё].
— Так, ха-ха-ха.
— Зразумела. "Масандру" браць? "Масандру".
— Ну... Глядзі, я ж за рулём.
— А, дакладна.
— Ну, ну…
— Чуеш, карацей. Я паразмаўляла з гэтымі хлопцамі. Яны прыязджаюць на сваім транспарце. Але там, вядома, проста я так разумею, джып, але звычайны невялікі, і ў іх таксама кіроўца. Вядома, разумееш, у іх машыну максімум два чалавекі ў нас сядзе, і нас усё роўна атрымліваецца шмат. Ёсць варыянт: кіроўца, і ў другую машыну іх кіроўцу пасадзіць.
— Значыць, варыянт: у нашу адну машыну наш кіроўца, а ў другую машыну другі кіроўца, так?
— Так. Яны прыедуць на сваёй, пакідаюць яе там, дзе мы ўсе пакідаем. І кіроўца іх садзіцца ў наш мікрааўтобус, і мы растусоўваемся.
— Так. Ну, у прынцыпе, гэта тое самае, што адзін у нас хтосьці за рулём.
— Там проста... Хто ў нас будзе за рулём? Атрымліваецца, гэты чалавек будзе ў нас не ў справе.
— А-а-а, гэта значыць…
[званок часова перарываецца]
— Алё.
— Гэта значыць, кіроўца павінен у машыне быць, правільна я разумею?
— Ну, мне здаецца, на ўсялякі выпадак так. Ці мала што. [неразборліва] ...адкрыў, яшчэ ж трэба прыпаркавацца. А так машына ўвесь час паблізу, але яны павінны быць унутры, як мне здаецца.
— Так, я зразумеў. Добра, усё, дамовіліся, зараз тады буду з кіроўцам размаўляць.
— Ну, давай-давай, перазваню тады.
— Ну як тады... Дзіма, і мне патрэбныя нумары машын тваёй і Дзмітрыя гэтага.
— Дзмітрыя я ўжо скінуў, Шакуты.
— Алё, Дзіма, я вярнуся праз пару хвілін, добра?
— Давай, давай, давай.
— Давай.
Пра працяг размоў Эйсмант і Баскава чытайце тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.