#ямыбатька. Як улады Беларусі спрабуюць перахапіць парадак дня ў Telegram
Ілюстрацыя Анастасіі Гвініяшвілі
Апошнім часам у Беларусі з'явіўся вялікі спіс каналаў і чатаў у Telegram, асноўная задача якіх — прасоўваць дзяржаўны парадак дня. Іх аўдыторыя значна меншая, чым у апазіцыйных пляцовак, але стваральнікі гэтых каналаў не спыняюцца і пастаянна звяртаюцца да новых метадаў прасоўвання, пішуць нашы партнёры Coda Story.
"У вас ёсць магчымасць блакаваць тэлеграм-каналы? Не! Ні ў кога, нават у тых, хто ўсю гэтую павуціну прыдумаў, амерыканцаў, — казаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскім журналістам 8 верасня. — Вы ж бачыце, што там робіцца. Гэта яны задумалі, яны гэта пачыналі, і прытым даўно. Не Расія, не Беларусь гэта задумала — гэта яны заўсёды гэтым займаліся і атрымалі. Гасподзь з імі. А мы пажынаем плады ўсяго гэтага. Нават калі інтэрнэт сёння прыбраць, тэлеграм-каналы гэтыя з Польшчы будуць працаваць, таму вы не расслабляйцеся".
Падчас інтэрв'ю Антону Вярніцкаму ("Первый канал"), Яўгену Ражкову ("Россия 1"), Раману Бабаяну ("Говорит Москва") і Маргарыце Сіманьян (Russia Today) беларускі кіраўнік наракаў, што тэлеграм-каналы "глыбока залезлі ў мазгі" людзей, а некаторыя "проста ачумелыя". Але супрацьстаяць ім, на думку Лукашэнкі, немагчыма — пра гэта ён, па яго словах, размаўляў і са сваім "старэйшым братам" Пуціным.
Мабыць, зразумеўшы, што працэс не спыніць, беларускія ўлады вырашылі паспрабаваць яго ўзначаліць — і перахапіць парадак дня ў Telegram, які да гэтага моманту стаў асноўным рупарам пратэсту.
Коронованный мир
Беларускія ўлады ў інтэрнэце заўсёды адчувалі сябе не вельмі ўпэўнена. Чыноўнікі выказваліся пра "самыя сучасныя трафікі", а Лукашэнка, які паспрабаваў вывучыць асноўныя тэрміны, усё роўна гаворыць пра "айфоны-плафоны" і ўжывае слова "посціцца".
Сайты дзяржаўных СМІ прайграюць незалежным па наведвальнасці. Апазіцыйныя паблікі ў сацыяльных сетках несупастаўляльныя па колькасці падпісчыкаў з праўладнымі, а ў Telegram "прадстаўніцтва" ўладаў некалькі гадоў не было наогул.
Першыя каналы дзяржаўных СМІ і ведамстваў з'явіліся ў месенджары ў 2019 годзе. Папулярнасцю большасць з іх не карысталася. Выключэннем стаў толькі "Пул первого" (больш за 87 тысяч падпісчыкаў) — ананімны акаўнт, які звязваюць з прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі. У ім часта публікуюць розныя "інсайды" — напрыклад, навіны пра кадравыя перастаноўкі.
З прыходам каранавіруса (які Лукашэнка спачатку адмаўляў) праўладны парадак дня ў Telegram стаў значна больш прыкметны. Калі незалежныя выданні пачалі расказваць пра эпідэмію, а хворыя — весці рэпартажы з бальніц, стала ясна, што ігнараваць рэальнасць немагчыма. У Telegram пачалі з'яўляцца ананімныя каналы, якія транслявалі пазіцыю ўладаў адносна віруса.
Адным з першых такіх каналаў стаў "Коронованный мир" (580 падпісчыкаў). Яго допісы актыўна рэпосцілі каналы дзяржСМІ і міністэрстваў — у тым ліку Міністэрства аховы здароўя, які набраў падпісчыкаў на навінах пра каранавірус.
"Коронованный мир" пачаў з навін пра пандэмію. У канале часта размяшчаліся матэрыялы, у якіх расказвалі пра згубнасць каранціну (ад якога адмовіўся Лукашэнка) і параўнальную бяспечнасць каранавіруса (на якой настойваў ён жа).
Палітычны парадак дня прыйшоў у канал у красавіку. Пасля навіны пра магчымае захворванне "галоўнага вірусолага" (так іранічна называлі Лукашэнку) у канале з'явілася відэа з Уладзімірам Пуціным, які кашляе, і пытаннем "Гэты?". Тады ж сталі з'яўляцца паведамленні з крытыкай расійскіх мер па барацьбе з каранавірусам: аўтары пісалі, што каранцін у першую чаргу шкодзіць эканоміцы, а колькасць хворых у краіне моцна расце, нягледзячы на яго ўвядзенне.
У канцы траўня канал адарваўся ад пандэміі. У гэты час у разгары быў збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты — і мішэнню аўтараў стаў блогер Сяргей Ціханоўскі, які заявіў пра намер вылучыцца ў прэзідэнты
У "Коммерсанте" выйшла інтэрв'ю з Ціханоўскім пад загалоўкам "Калі ён [Лукашэнка] задушыць усіх жорстка зноў, то нават і партызанскай вайной зоймуцца". Канал адрэагаваў рэзкай крытыкай, абвінаваціўшы Ціханоўскага ў тым, што ён "кліча беларусаў на вайну, кліча партызаніць, гасіць адно аднаго".
"Ён наогул пры сваім розуме? Партызанская вайна???? Да чаго ён заклікае людзей? Ён нават не кандыдат, але катаецца па беларускіх гарадах і настройвае людзей на мітынгі, сутычкі, байкот", — пісалі ананімныя аўтары канала.
Яшчэ пэўны час "Коронованный мир" пісаў пра кандыдатаў у прэзідэнты — нязменна ў негатыўным ключы. Але неўзабаве перастаў так актыўна абнаўляцца: цяпер "Коронованный мир" у асноўным рэпосціць дзяржСМІ і міністэрствы, а таксама іншыя ананімныя праўладныя рэсурсы.
Прыкладна ў гэты ж час у Telegram з'явіўся канал, які пасля стаў адным з самых гучных рупараў праўладнага парадку дня — "Желтые сливы". У ім ужо аддавалі ўвагу не столькі каранавірусу, колькі барацьбе з апанентамі Лукашэнкі.
Клоўны і кухаркі
"Желтые сливы" спачатку набіралі аўдыторыю таксама за кошт рэпостаў у дзяржаўных каналах і "Пуле первого". Але падпісчыкі прыходзілі павольна: да пачатку жніўня іх было каля дзвюх тысяч. Не дапамагалі нават сапраўдныя "злівы": напрыклад, яшчэ да афіцыйнай заявы ў канале з'явіліся падрабязнасці пра ператрусы ў Белгазпрамбанку — "дачцэ" Газпрама і Газпрамбанка, якой кіраваў кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка.
Бабарыка стаў не адзіным аб'ектам "сливов" — канал у цэлым сканцэнтраваўся на крытыцы апазіцыі. У ім публікуюцца мемы і абразлівыя допісы — напрыклад, у перадвыбарчы перыяд жонку Сяргея Ціханоўскага Святлану рэгулярна называлі "кухаркай", а папулярных апазіцыйных блогераў — "клоўнамі". Бабарыку і ягонаму затрыманню допісы прысвячаліся кожны дзень, а пэўны час "Желтые сливы" актыўна расказвалі пра секс-відэа, дзе нібыта экс-дыпламат Валерый Цапкала (яго не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты) бавіць час з дзвюма дзяўчатамі.
Пасля выбараў, калі пачаліся пратэсты супраць фальсіфікацый, "Желтые сливы" першымі паведамлялі пра вываз з краіны Святланы Ціханоўскай і пра ад'езд сябра Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі.
Палітычны аглядальнік і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што "Желтые сливы" стаяць асабняком сярод усіх іншых каналаў — яны, на яго думку, звязаныя са спецслужбамі. "Інфармацыя ў іх "упакаваная" пэўным чынам, але факты часта дакладныя", — кажа Быкоўскі.
Аднойчы, успамінае ён, кантэнт "Желтых слив" з'явіўся ў канале дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі. Паведамленне хутка знікла — але дало падставы меркаваць, што каналы вядзе адзін чалавек, які пераблытаў акаўнты.
Паралельна з'яўляліся і іншыя ананімныя каналы — "Шкварка News", "Обратная сторона", "Упыри лютые". Былі спробы не толькі развіваць рэсурсы з нуля, але і будаваць іх на аснове ўжо наяўных каналаў. Буйны канал "Беларусь News" быў простым агрэгатарам навін — але пасля таго, як яго выкупілі невядомыя, у ім таксама сталі з'яўляцца праўладныя матэрыялы.
Кантэнт у гэтых каналаў прыблізна аднолькавы — але рознай ступені пошласці. Напрыклад, ёсць канал "Сочные дыньки", прысвечаны экс-кандыдату ў прэзідэнты Ганне Канапацкай (яго назва намякае на памер яе грудзей) і канал "Пук первой", у якім высмейваюць Святлану Ціханоўскую (адказ на яе канал "Пул первой"). Аўтары гэтых каналаў невядомыя. Звязацца з імі праз бот у пераважнай колькасці выпадкаў не ўдалося.
Спецыялісты кампаніі Telemetr.me, якая займаецца аналізам і прасоўваннем у Telegram, мяркуюць, што аўдыторыя двух самых буйных каналаў — "Желтые сливы" (77,4 тысячы падпісчыкаў) і "Беларусь News"(28,2 тысячы) — расла натуральным шляхам: ва ўсякім выпадку, відавочных прыкмет "накрутак", са слоў спецыялістаў, няма. У кампаніі заўважаюць, што рэпостаў у гэтых двух рэсурсаў даволі шмат — але часцей за ўсё ў адной і той жа сетцы каналаў:
"Як правіла, такія згадкі не купляюцца. Яны растуць натуральным шляхам — альбо "па знаёмстве", калі гэта каналы адной палітычнай сеткі або аднаго ўладальніка, альбо проста з той прычыны, што падобным па тэматыцы каналам цікавы гэты кантэнт".
Поспехі праўладных каналаў спецыялісты Telemetr.me ацэньваюць як сціплыя — па мерках беларускай і ўсёй рускамоўнай Telegram-супольнасці.
Удзельнікі тэматычнай групы "Беларускі Telegram", прысвечанай аналітыцы, таксама лічаць, што ў аснове механізма раскруткі праўладных каналаў ляжаць узаемныя рэпосты. Паводле ацэнак прадстаўнікоў супольнасці, у топ-100 беларускіх рэсурсаў каналы, якія прасоўваюць праўладны парадак дня, складаюць менш за 10% — як па аўдыторыі, так і па колькасці пляцовак. Іх уплыў на агульнае інфармацыйнае поле яны ацэньваюць адпаведна.
За мір і стабільнасць
"Я спрабую абараніць тых, хто гэтага сапраўды патрабуе, — кажа Вадзім Кузьмічоў, актыўны ўдзельнік чата "За Лукашенко". — Тых, хто прайграе ў інфармацыйнай вайне, хто спрабуе адстаяць свой народ, сваё права на існаванне, свае законы, асновы і традыцыі. Мне б не хацелася, каб Беларусь з яе выдатным народам развалілі і ператварылі ў тое, у што ператварылі астатнія славянскія народы".
Чат "За Лукашенко" быў створаны 18 жніўня — пасля таго, як Лукашэнка наведаў Мінскі завод колавых цягачоў, дзе рабочыя-забастоўшчыкі крычалі яму "Сыходзь". Стваральнік чата прадставіўся Міхаілам Уладзіміравым.
Міхаіл кажа, што хацеў аб'яднаць аднадумцаў, якія "былі вельмі рады" — таму што да гэтага такіх чатаў не было. Аналагічны чат Міхаіл стварыў і ў Viber — але там ён, па яго словах, быў забанены на працягу некалькіх дзён. Чат у Telegram, па словах Міхаіла, таксама пастаянна зазнае інфармацыйныя напады і становіцца аб'ектам "правакацый агрэсіўна апазіцыйна настроеных суайчыннікаў — а можа, і сіл звонку".
У чаце гутараць, публікуюць апошнія навіны і звесткі пра будучыя мерапрыемствы ў падтрымку ўлады. Удзельнікі чата нават арганізавалі некалькі аўта- і велапрабегаў у Мінску — якія, са слоў Міхаіла, тут жа падхапілі і ў рэгіёнах.
"На канал прыходзяць апаненты ўлады, мы з імі дыскутуем, абазначаем нашу пазіцыю, абвяргаем фэйкі тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілы. Гэта дае плён: шэрагі апазіцыі скарачаюцца з кожным днём", — упэўнены Міхаіл.
Пра затрыманні пратэстоўцаў і дзеянні АМАПа Міхаіл ведае і мяркуе, што ў цяперашняй сітуацыі грамадству трэба "супакоіцца, знізіць напал жарсцяў і толькі потым пачаць аб'ектыўна разбірацца з кожным супрацьпраўным выпадкам".
У многіх праўладных каналах сустракаецца тэг #ямыбатька, які стаў папулярны пасля выбараў. Аўтар гэтага хэштэга, які запусціў яго ў шырокі зварот — Дзмітрый Эмпат, стваральнік аднайменнага канала і адзін з нямногіх адміністратараў праўладных рэсурсаў, які не хавае свайго твару.
Да прапановы кароткага інтэрв'ю Дзмітрый паставіўся патрабавальна: папрасіў назваць поўныя прозвішча, імя і імя па бацьку і запісаць пытанні ў фармаце відэа — а таксама спытаў пасведчанне.
"Ідэя стварыць канал узнікла 11 жніўня, — расказвае Дзмітрый. — Штуршком паслужыла паўгадавое засілле апазіцыйных каналаў, якія сцвярджаюць, што супраць Лукашэнкі 97% насельніцтва. Але сёння #ямыбатька ўжо не проста хэштэг — гэта стала своеасаблівым рухам: за дзейнага прэзідэнта, за мір і стабільнасць".
Са слоў Дзмітрыя, канал хутка набірае аўдыторыю: людзі шукаюць яго ў сацсетках і расказваюць пра яго адно аднаму. Далучаюцца і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Упор пры рабоце з аўдыторыяй, па словах Дзмітрыя, робіцца на "ўнікальны кантэнт".
"Мы паказалі ўсім, што праціўнікаў дзейнай улады далёка не 97%. У нас людзі знайшлі тое месца, дзе яны могуць пагутарыць з аднадумцамі і на іх не будзе вылівацца куча негатыву. Мы дапамаглі аб'яднацца і заявіць пра сябе людзям, якіх не відаць, таму што яны займаюцца домам, працай і не выходзяць на "плошчу", — кажа Дзмітрый.
Дзмітрый лічыць, што "быць крэатыўным і ўвасабляць перамены можна і ў хаўрусе з дзейнай уладай, без супрацьпраўных дзеянняў". На пытанне пра тое, як ён ставіцца да дзеянняў сілавікоў на мірных мітынгах, ён адказвае: "Паглядзіце разгоны мітынгаў у Еўропе, у якую вы так рвяцеся".
Ад расійскіх лялькаводаў да польскіх куратараў
Асноўныя наратывы, якія транслююць праўладныя тэлеграм-каналы — правільнасць дзеянняў Лукашэнкі, непрафесіяналізм яго апанентаў, высокі ўзровень жыцця ў Беларусі. Пры гэтым часта акцэнты ў гэтых каналах ссоўваюцца зусім сінхронна.
У ліпені ў Беларусі затрымалі групу расійскіх баевікоў з 32 чалавек — па звестках некаторых СМІ, гэта былі байцы ЧВК Вагнера. "Желтые сливы" не прамінулі выказацца на гэту тэму.
"Прыватная вайсковая кампанія Вагнера, якая адзначылася ў вайсковых аперацыях ва Украіне і ў Сірыі, рыхтавала спецаперацыю і ў Беларусі", — гаварылася ў адным з паведамленняў канала.
У гэты перыяд Лукашэнка якраз заяўляў пра "расійскіх лялькаводаў" беларускай апазіцыі — і праўладныя каналы ахвотна падхапілі антырасійскі парадак дня.
"Вы заўважылі, як "рускі свет" знюхаўся з мясцовымі нацыкамі? Яшчэ зусім нядаўна яны ганілі адно аднаго на чым свет, а цяпер прост найлепшыя сябры-таварышы", — пісалі "Желтые сливы". Яны ж рэпосцілі ананімныя артыкулы на платформе Medium пра расіян, якія рыхтуюць пратэсты ў Беларусі, і пра "энергетычнае лобі" супраць Лукашэнкі.
Пасля выбараў Лукашэнка апынуўся ў складанай сітуацыі несуцішных пратэстаў, і "расійскае пытанне" з яго маўлення знікла — а разам з гэтым знікла яно і з ананімных тэлеграм-каналаў. Неўзабаве яны пачалі актыўна рэпосціць Russia Today і каналы расійскіх журналістаў, якія прыехалі працаваць у Беларусь.
Лукашэнка тым часам знайшоў новага ворага ў асобе заходніх краін — Польшчы, Літвы, Украіны, Чэхіі і ЗША. Тэлеграм-каналы зноў узялі з яго прыклад: у жніўні "Желтые сливы" ўжо адкрыта абвінавачвалі ў "кіраванні пратэстамі" Варшаву.
"Польскія куратары пачалі дасылаць у Беларусь інструкцыі па фармаванні сілавых атрадаў для барацьбы з рэжымам Лукашэнкі. Цалкам відавочна, што яны будуць стварацца на аснове субкультурнай моладзі. Анархісты, нацыяналісты і каляфутбол будуць пастаўленыя ў ружжо для барацьбы за ўсё добрае", — пісалі ў першай палове верасня ў канале "Шкварка News".
З прыездам расійскіх журналістаў, заўважае Паўлюк Быкоўскі, супала і з'яўленне некаторых "сітуацыйных" рэсурсаў — напрыклад, чата "Антимайдан Минск". У ім можна сустрэць абмеркаванні бел-чырвона-белага сцяга, пад якім праходзяць усе пратэставыя акцыі. "А мне проста бабуля родная расказвала, як іх фашысты пад гэтымі сцягамі катавалі, палілі, забівалі. І прымушалі крычаць "Жыве Беларусь", і абавязкова трэба было адказаць "Жыве", інакш прыкладам па галаве", — піша ананімны ўдзельнік чата без прозвішча і аватаркі.
"У змагароў новы флэшмоб: вывешваць аркуш фармату А4 — гэта будзе азначаць "Лукашэнка сыходзь". Сёння раніцай абышла пешшу большую частку свайго раёна, не ўбачыла ніводнага аркуша на акне. < ... > Напэўна, змагары яшчэ не прачнуліся, — піша яшчэ адна ананімная ўдзельніца. — Убачыла толькі дзясятак стужачак бела-чырвоных, развешаных ля крамы. Узяла канцылярскі нож і зрэзала іх у сметніцу".
Матэрыял апублікаваны пры падтрымцы "Медиасети"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.