Найлепшага футбаліста Беларусі затрымлівалі на вакзале ў Бярозе

Андрэй Салавей

Андрэй Салавей / by.tribuna.com

Сталі вядомыя падрабязнасці пра справу гульца мазырскай "Славіі", найлепшага футбаліста Беларусі 2021 года Андрэя Салаўя і яго жонкі Аксаны. У сярэдзіне лістапада Першамайскім судом Мінска яны былі асуджаны на 2 гады "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) за ўдзел у пратэстах 2020 года. Прысуд агучыла суддзя Наталля Дзядкова.

"Трыбуна" даведалася, што ў пачатку кастрычніка Салаўі вярталіся з Бярозы, малой радзімы футбаліста. На чыгуначным вакзале іх затрымалі міліцыянты. У мясцовым РАУС паведамілі, што іх зацікавіла фота з пратэстаў 2020 года ў сталіцы, на якім ёсць гулец і яго жонка. Іх абвінавацілі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх" (ч. 1 арт. 342 КК). У той жа дзень затрыманых адпусцілі да суда пад заклад. Мяркуецца, што згаданае фота сілавікі маглі пабачыць пасля таго, як сёлета затрымалі сваяка жонкі футбаліста і вывучалі яго тэлефон.

Праз траўму Салавей прапусціў большую частку сезону, гуляць пачаў толькі ў жніўні. Выходзіў ён на поле ў чэмпіянаце Беларусі і пасля прысуду. У клубе пра затрыманне і суд над Андрэем Салаўём ведала толькі яго кіраўніцтва і галоўны трэнер. Штомесяц з футбаліста ўтрымліваюць 25% заробку. Кантракт Салаўя заканчваецца ў канцы года і яго "Славія" можа не працягнуць. Больш таго, ў форварда могуць узнікнуць праблемы з працаўладкаваннем у іншых клубах у нашай краіне, як было з іншымі гульцамі, якія трапілі ў "чорны спіс" Мінспорту. А яшчэ Андрэю Салаўю і яго жонцы пры нейкіх парушэннях могуць замяніць пакаранне на больш жорсткае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі