З "чорнага спісу" Мінспорту выкраслілі экс-футбалістаў Драгуна і Хачатурана
Камісія па вяртанні дапусціла да спорту двух экс-футбалістаў
Камісія па вяртанні, якая дзейнічае пры Генпракуратуры, дазволіла вярнуцца да прафесійнай спартовай дзейнасці двум экс-футбалістам, а цяпер спартоўцам-інструктарам — Станіславу Драгуну і Андрэю Хачатурану. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінспорту.
Рашэнне прынятае, як гаворыцца, "у сувязі са шчырым раскаяннем і прызнаннем сваіх памылак, учыненых у 2020 годзе, актыўным удзелам у значных грамадска-патрыятычных мерапрыемствах, накіраваных на падтрымку дзяржаўнага ладу, абавязацельствам выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, павагі дзяржаўных сімвалаў і нацыянальных традыцый краіны".
Спартоўцы, якія ў 2020 годзе выказаліся супраць гвалту сілавікоў і за сумленныя выбары, былі ўнесеныя ў "чорны спіс", і ім забаранялі займацца прафесійным спортам у Беларусі. На пачатку 2024-га групе футбалістаў пасля "пакаяння" дазволілі вярнуцца да спартовай дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.