За што "Антывандал" ненавідзіць БЧБ-сцягі: задаем пытанні адэпту #ямыбатек
Заснавальнік "Антывандала" Аляксандр / Еўрарадыё
Сведкамі ў судзе над Марыяй Сафонавай, на якую заведзена крымінальная справа за надпіс "Жыве Беларусь!" на асфальце, выступаюць удзельнікі Тэлеграм-канала "Антывандал". Гэта тыя самыя хлопцы, якія зафарбоўваюць апазіцыйныя графіці, прымалёўваюць да БЧБ-сцягоў зялёныя палоскі і скардзяцца на праціўнікаў Лукашэнкі ў міліцыю.
— Я прыхільнік таго, што выказваць сваю палітычную пазіцыю ў грамадскіх месцах не варта. Не забывайце, што акрамя вас ёсць іншыя людзі, — распавядае ў перапынку судовага паседжання Аляксандр.
— Якая ў вас мэта?
— Вы выдатна разумееце. Назва нічога не кажа, ці трэба даваць нейкія каментары? Наша задача — гэта барацьба з вандалізмам. Пачытайце, што такое вандалізм.
— Колькі чалавек у вашым чаце?
— Шмат.
— 15?
— Больш.
— 100?
— Не скажу.
— Вы зафарбоўвае толькі БЧБ-сімволіку або любую карцінку, любое нецэнзурнае слова?
— Калі побач з БЧБ знаходзіцца нейкі іншы здзек, нешта падобнае, зафарбуем. Нам не складана. Але асноўная задача — барацьба з БЧБ-сімволікай. Паралельна і ўсё астатняе.
— Чаму менавіта БЧБ?
— Таму што БЧБ-сцягоў больш, чым астатняга цяпер. Значна больш БЧБ-сімволікі, чым непалітычных актаў вандалізму.
— Марыя Сафонава распавядае, што на яе пад'ездзе намаляваны член. Яго не зафарбавалі нават пасля звароту ў міліцыю. Зафарбуеце? Ці для гэтага яго трэба размаляваць у БЧБ?
— Калі вы так хочаце, замалюем. Мне не складана.
— Вы лічыце, што гэтыя надпісы "Жыве Беларусь!" і выява БЧБ-сцягоў —цынічныя і абразлівыя?
— Мяне абражаюць. Я на той дарозе [дзе Марыя напісала "Жыве Беларусь!". — Еўрарадыё], упершыню сустрэўся са сваёй дзяўчынай. Таму для мяне гэта апаганьванне.
— Чаму вас абражае фраза "Жыве Беларусь!"? Такая ж напісана на шапцы дзяржаўнай "Народнай газеты".
— Я рады. Ёсць прыхільнікі гэтай газеты, ёсць праціўнікі.
— Што павінна адбыцца, каб вы выдыхнулі? Ёсць жа нейкая місія?
— Калі на тых жа месцах спыняцца акты вандалізму.
— І ўсё ж, чаму "Жыве Беларусь!" абразліва? Ёсць аргументы?
— Гэты слоган разам з сімволікай — гэта ўсё вядзе да Вялікай Айчыннай вайны. Да ўсяго, што рабілі пад гэтым падчас той вайны. Я не буду зараз у гэтым капацца.
"Жыве Беларусь!" — гэта і праўда дрэнна?
Беларускія вучоныя лічаць, што фраза "Жыве Беларусь!" і БЧБ-сцяг не могуць быць абразлівымі або цынічнымі. Гэта меркаванне агучваецца ў судзе:
"Іх публічная дэманстрацыя сведчыць пра гонар за свой народ, пра патрыятызм і падтрымку незалежнасці і суверэнітэту".
Пасля таго, як адвакат падазраванай Інэса Аленская зачытвае экспертнае заключэнне ад двух супрацоўнікаў Акадэміі навук, у зале суда раздаюцца апладысменты.
Тым не менш, дзяржабвінаваўца патрабуе арыштаваць Марыю Сафонаву на 2 месяцы. Ён сцвярджае, што разам з групай асоб Марыя наўмысна наносіла ў двары па вуліцы Балтыйскай надпісы, "якія абражаюць пачуцці грамадзян, дэманструюць знявагу да маральных каштоўнасцей і накіраваныя на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і грамадскай маральнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.