Беларускія кампаніі пастаўляюць мікрасхемы ў Расію ў абыход санкцый — БРЦ

Мікрасхема, ілюстрацыйнае фота

Мікрасхема, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Беларускія кампаніі ўдзельнічаюць у абыходзе заходніх санкцый на пастаўку мікраэлектронікі ў Расію. Адпаведнае расследаванне апублікаваў Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ) пры падтрымцы "Кіберпартызанаў".

Паводле звестак БРЦ, ад верасня 2022 года да чэрвеня 2024 года беларускія кампаніі прадалі расійскім прадпрыемствам мікрасхемы на суму больш за 125 мільёнаў долараў. Прычым частка гэтых мікрасхемаў на суму 400 тысяч долараў была заходняй вытворчасці. Агулам было адпраўлена амаль 10 тысяч мікрасхемаў.

Адной з кампаній, якія пастаўляюць мікрасхемы ў Расію, расследвальнікі называюць ТАА "Алексвіт ЛТД". Яна з верасня 2022 па чэрвень 2023-га адправіла ў Расію 131 мікрасхему амерыканскага, фінскага і нямецкага паходжання. Уладальнік фірмы — экс-намеснік старшыні Мытнага камітэта Сяргей Барысюк.

Другой кампаніяй, задзейнічанай у пастаўках мікрасхемаў, называюць ТАА "Лагістычная кампанія Усход". БРЦ сцвярджае, што са снежня 2022 да сакавіка 2023 года яна прадала ў РФ больш за паўтары тысячы мікрасхем амерыканскай вытворчасці. Агулам за гэты перыяд фірма паставіла ў Расію больш за 215 тысяч мікрасхем на суму каля 800 тысяч долараў. Яе ўладальніка Аляксея Матвеева расследвальнікі звязваюць з Сяргеем Цяцерыным, набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі. У 2017-2019 гадах Матвееў і Цяцерын адначасова працавалі ў Беларускай тэніснай федэрацыі.

Таксама сярод пастаўшчыкоў мікрасхем БРЦ называе ТАА "АФС-экспарт", якую звязваюць з Аляксандрам Шакуціным. Паводле звестак расследвальнікаў, з кастрычніка 2022 да лютага 2024 года кампанія прадала ў РФ больш за 1200 чыпаў.

БРЦ называе і расійскіх пакупнікоў мікрасхемаў. Напрыклад, ТАА "Балтэлектрон", якое трапіла пад санкцыі ЗША як пастаўшчык мікраэлектронікі падвойнага прызначэння і іншых тэхналогій для абароннай прамысловасці РФ. Паводле звестак БРЦ, гэтая фірма купляла мікрасхемы ў трох беларускіх кампаній — ТАА "Чып Экспрэс", ТАА "Чыпімпарт" і ТАА "Электрасейл".

Расійскае ТАА "Грын-чып" працуе з беларускім ТАА "СД Электра". У расійскай кампаніі карэспандэнту БРЦ пацвердзілі магчымасць пастаўкі мікрасхемаў з ЗША і Еўропы. Прычым на пакінуты нумар ператэлефанавалі з беларускага нумара. Суразмоўца заявіў, што ў Еўропе ёсць кампанія, якая збірае падобныя заяўкі, а потым дастаўляе тавар праз Еўропу ці Азію — у залежнасці ад характару мікрасхемаў.

Лідарам па суме паставак заходніх мікрасхем у Расію праз Беларусь следчыя называюць беларускае ТАА "Першы кантынент". Кампанія была створаная праз два месяцы пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіну. Са студзеня да чэрвеня 2024-га яна прадала расійскім прадпрыемствам 1665 мікрасхем на суму звыш 155 тысяч долараў. Уладальнікам кампаніі расследвальнікі называюць Іллю Тарасюка, які каля 20 гадоў адпрацаваў на прадпрыемствах ВПК. Асноўным пакупніком прадукцыі "Першага кантынента" ў БРЦ называюць расійскае ТАА "Стаут", якое трапіла пад санкцыі ЗША і Еўрасаюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі