Зняволены з калоніі Навальнага: "Незразумелы кіпеж пачаўся яшчэ ўвечары 15-га"

Аляксей Навальны ў маскоўскім гарсудзе

Аляксей Навальны ў маскоўскім гарсудзе / Ulysmedia

"Незразумелы кіпеж" у калоніі, дзе адбываў тэрмін расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны, пачаўся ўвечары 15 лютага. Пра гэта выданню "Новая газета. Еўропа" распавёў зняволены, з якім удалося выйсці на сувязь. Ён не выключае, што палітык памёр раней, чым аб'явілі расійскія ўлады.

Паводле яго слоў, звычайная вячэрняя праверка ў калоніі праводзілася ў паскораным парадку, пасля чаго зняволеных замкнулі па бараках і ўзмацнілі ахову.

"Было чуваць, як на тэрыторыю зоны позна ўвечары і ноччу тры разы заязджалі нейкія машыны, але якія менавіта, у акенца не разгледзіш", — сцвярджае суразмоўца выдання.

Ён кажа, раніца 16-га лютага для зняволеных пачалася "з татальнага шмона". У іх канфіскоўвалі тэлефоны, карты і нават кіпяцільнікі, якімі негалосна дазвалялася карыстацца. Вязні прыйшлі да высновы, што чакаецца праверка.

"Звычайна пра такія праверкі і адміністрацыя зоны, і зняволеныя даведваюцца не за дзень-два да прыезду, а прыкладна за месяц і рыхтуюцца да іх загадзя. Таму што ні сядзельцам, ні вертухаям лішнія касякі, якія могуць знайсці правяраючыя, не патрэбныя. А тут бах, з бухты барахты — і камісія прыязджае! Відавочна павінна было нешта здарыцца!" — распавядае зняволены.

Ён сцвярджае, што ў калоніі даведаліся пра смерць Аляксея Навальнага каля 10 раніцы (12:00 па Мінску). Але ніякіх машын хуткай дапамогі ў гэты час каля Адзінага памяшкання камернага тыпу, дзе трымалі палітыка, не было.

"З'явілася толькі пасля таго, як стала вядома, што Навальны ўжо мёртвы. Так што я думаю, што Навальны памёр значна раней за той час, які абвясцілі. Хутчэй за ўсё, яшчэ ўчора ўвечары. А інакш навошта трэба было замыкаць нас наглуха ў бараках, а раніцай уладкоўваць шмон?" — задаецца пытаннем суразмоўца "Новай газеты. Еўропа".

Пры гэтым ён лічыць, што смерць галоўнага ворага Пуціна стала нечаканасцю для кіраўніцтва калоніі.

"З самай раніцы і "гаспадар" (начальнік калоніі), і "кум" (начальнік аператыўнай часткі калоніі) хадзілі як пустым мяшком па галаве прышыбленыя".

Пры гэтым вязні не выключаюць, што кіраўніцтву калоніі давялося выконваць загад, які выконваць не хацелася.

Пра смерць расійскага палітыка Аляксея Навальнага стала вядома ў абед 16 лютага. Па афіцыйнай версіі, прычынай смерці стаў адарваны тромб. У калоніі, дзе адбываў пакаранне апазіцыянер, вылецелі яго адвакат і маці. Сям'я Навальнага пакуль у паведамленні расійскіх уладаў не верыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі