Звольнілі чарговага дырэктара беларускага тэатра

Дзмітрый Гарэлік

Дзмітрый Гарэлік / @viasnaHomel

У Гомельскім тэатры лялек звольнілі дырэктара Дзмітрыя Гарэліка, піша сайт "Зеркало", спасылаючыся на ўласныя крыніцы.

Калі менавіта адбылося звальненне, дакладна не вядома. На сайце тэатра пасада дырэктара цяпер вакантная. Станам на 14 траўня пасада ўжо была вакантнай.

Прозвішча Гарэліка на сайце не згадваецца ў тэксце пра гісторыю тэатра. Між тым ён кіраваў Гомельскім лялечным тэатрам з 1 чэрвеня 1992 года.

Хутчэй за ўсё, звольнілі Гарэліка з палітычных прычынаў. Сёлета ў студзені, як расказвала Еўрарадыё, мужчыну судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КоАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тады праваабаронцы так і не даведаліся, у чым канкрэтна яго вінавацілі і якое рашэнне прыняў суд.

Звальненне Гарэліка не стала першым у ліку падобных звальненняў у беларускіх тэатрах сёлета. У лютым звольнілі дырэктарку Мінскага абласнога тэатра лялек "Батлейка" Святлану Чаеўскую, у сакавіку — дырэктара сталічнага Музычнага тэатра Сяргея Пукіту, на пачатку красавіка — мастацкага кіраўніка Віцебскага тэатра "Лялька" Віктара Клімчука.

У красавіку быў звольнены дырэктар Беларускага тэатра лялек Дзмітрый Сямёнаў. Праўда, пазней высветлілася, што яго павысілі — прызначылі намеснікам кіраўніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама.

На днях стала вядома пра звальненне дырэктаркі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святланы Карукінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі