Apple Tea: Якая канцэпцыя! Тут час стаміцца ад гэтага. Але мы не можам

Apple Tea прэзентуюць новую пласцінку. Праўда, на фізічных носьбітах і ў інтэрцнэце яе яшчэ не паслухаць: музыкі даводзяць да розуму запіс, каб усё было як заўсёды у лепшым выглядзе. Еўрарадыё трапляе ў лік першых, хто чуе на жыва абсалютна свежыя опусы галоўных беларускіх джазмэнаў.

Новы альбом мае назву "М6", у яго ўвайшлі 11 трэкаў. Сярод іх магутныя інструментальныя палотны і фартэпіянныя мініяцюры з кларнетам і саксафонам. Праўда, апошнія музыкі прыхавалі для альбома. А гледачы тым часам вандруюць па дарозе "М6" у бок Захаду. Даязджаюць да Іспаніі. Акунаюцца ў мора блюзу, фанку, джазу...

Пасля канцэрта ўсё ж вымушаем няўлоўных заснавальнікаў гурта Ігара Сацэвіча і Аляксандра Сапегу распавесці нам пра новы альбом.

Аляксандр Сапега: Я канстатую, што гэта самы хуткі па запісу наш альбом. Калі нашы папярэднія пласцінкі пісаліся месяцамі, а то і гадамі, "М6" мы запісалі за 3 дні. Гэта дзякуючы, з аднаго боку, збегу абставін, з іншага — настойлівасці Косці Гарачага, які ў апошні час не любіць сядзець і вывяраць сола. Ён лічыць, што сапраўдная энергетыка мусіць быць імгненнай. Тады гэта каштоўна. Мы падтрымліваем Косціна меркаванне, і так і робім апошнім часам, як амерыканцы, прыходзім і пішам на жыва!

Ігар Сацэвіч: Наконт збегу абставін. Мы пісалі нашаму вельмі добраму таварышу віншавальны дыск, што нас натхніла зрабіць ужо паўнавартасны альбом для публікі. І гэта была вельмі добрая і прыемная прычына мабілізавацца, што мы і зрабілі. Засталося крыху пачакаць, і альбом атрымае ўвасабленне.

Еўрарадыё: Хочацца запытаць пра канцэпцыю...

Ігар Сацэвіч: Ды якая канцэпцыя! Тут ужо час стаміцца ад усяго гэтага. Так! Мы ўжо не шукаем ніякай канцэпцыі. Проста нешта робім. Але справа не наша, відаць, знаходзіць у гэтым нейкія асацыяцыі. Не кажу пра стылістычныя характарыстыкі, таму што часта бываюць праколы, як і ва ўсім астатнім, знаходзяць няверныя асацыяцыі.

Аляксандр Сапега: На сайце Experty.by пры разглядзе нашага папярэдняга альбома пісалі, што Apple Tea не паказвае нічога новага. Ну, у нас жа адзін аўтар. Ён жа не можа радыкальна змяніцца ці павесціся на нейкія модныя фішкі. У Ігара склаліся свае густы да 50-ці гадоў. У яго свой пазнавальны стыль. Таму тыя, хто чакае ад "Яблычнай гарбаты" сур'ёзных зменаў, наўрад ці.

Еўрарадыё: Тым не менш, новыя п'есы ўражваюць аб'ёмнасцю і грувовасцю.

Аляксандр Сапега: Падчас канцэрта я пажартаваў і сказаў, што новы альбом — гэта хэві-фанк. Пласцінка сапраўды атрымалася грувовай, за выключэннем паветранай і сумнай "Without Me", якая ўсім спадабалася. Магчыма, на альбоме яна з'явіцца яшчэ і ў песенным выглядзе, бо для яе напісаны англійскі тэкст, і Саша Захарык яе спяе. А можа, і не, гэта залежыць ад аўтара. У любым выпадку, яна мае права на абодва прачытанні. Усе астатнія рэчы грувовыя, прычым, тут шмат нетрадыцыйнага груву. П'еса "Пятніца" напісаная ў памеры 5/4, "Lublues" — на 6/4, блюз Косці Гарачага — на 3/4. Магчыма, гэтыя нетыповыя памеры і ствараюць уражанне аб'ёмнасці.

Увогуле, клёвы канцэрт. Я паглядзеў, няшмат было людзей — чалавек 150-200. Але я разумею, што Беларусь не джазавая краіна. Тут не да джазу. Але тая публіка, якая прыйшла, мне падаецца, з задавальненнем паслухала, усе былі ўцягнутыя ў працэс праслухоўвання. Увогуле, дзіўна ўсё ж у сучасным свеце, калі людзі ходзяць на джазавыя ці класічныя канцэрты. Мне падаецца, гэта людзі, зробленыя з іншага цеста, якім патрэбна гэта для таго, каб жыць. Гэта як іншым схадзіць на рынак і купіць паесці.

Еўрарадыё: Пласцінка выйдзе ў траўні. Ёсць ужо ідэі будучых прац ці пакуль зробіце паўзу?

Ігар Сацэвіч: Так! Ёсць у нас задума, і мы ўжо пачалі рабіць напрацоўкі. Мы ўзялі ўдзел у перадачы "Наперад у мінулае" на тэлеканале "Лад" — узялі народную песню і зрабілі апрацоўку. Мы ўдзельнічалі ў перадачы, таму што чакалі правакацыі і яна атрымалася паспяховай. Ужо ёсць тры паўнавартасныя напрацоўкі на народныя сапраўдныя песні. Будзем прыцягваць розных вакалістаў. Тры песні ўжо амаль гатовыя. Нам гэта вельмі падабаецца. Вось гэта і праўда будзе зусім нечакана. Гэта не будзе нейкай прыдумкай, псеўдафальклорам. Гэта будуць сапраўдныя песні, апрацаваныя да непазнавальнасці. Гэта будзе паўнавартасны беларускамоўны альбом і, па-мойму, вельмі цікавы. Мне ўсё цікава, што мы робім, у прынцыпе. Магчыма, гэта мой прыемны зман. Але мне гэта цікава!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі