Чаму нідзе, акрамя Беларусі, нават папулісты не абяцаюць высокі сярэдні заробак

Чаму нідзе, акрамя Беларусі, нават папулісты не абяцаюць высокі сярэдні заробак

Не паспеў сярэдні месячны заробак у Беларусі ўзняцца да 1000 рублёў, як з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі прагучала новае абяцанне. Кіраўнік краіны кажа, што да канца 2018 года сярэдні заробак можа дасягнуць 1500 рублёў — за кошт таго, што прадпрыемствы з нізкімі заробкамі будуць “падцягвацца” да лідараў.

Разам з тым, Лукашэнка прызнаў, што “палова, можа, крыху менш прадпрыемстваў” па выніках 2017 года не дацягнуць да сярэдняга заробку ў 1000 рублёў. Людзі, якія там працуюць, сустрэнуць навіну пра чарговы трыумф беларускай эканомікі з лёгкім недаверам і зусім іншымі лічбамі ў разліковых лістках.

Вось такі падспудны паказчык — гэты сярэдні заробак. Разумеючы яго небяспеку, палітыкі-папулісты па ўсім свеце вельмі рэдка згадваюць яго ў сваіх абяцаннях. Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб лічыць, што беларускія ўлады прайграюць, нават калі выканаюць абяцанне і “зробяць” сярэдні заробак у 1000 рублёў пад канец 2017 года. І вось чаму:

Адкуль узялася лічба ў 1500 рублёў? Мне здаецца, гэта відавочна. 1500 больш, чым 1000. Чаму б не паабяцаць больш? Гучыць дастаткова крута. А калі прыгадаць тыя далёкія часы, калі нам яшчэ абяцалі сярэдні заробак у доларах, дык у пэўны момант, калі мы дасягалі запаветных “папяццот”, як наступны арыентыр гучала “$750”, а далей на гарызонце ўзнікала і “$1000”. 1500 рублёў — аналаг тых самых $750.

Пытанне не ў канкрэтнай лічбе, а ў тым, якімі спосабамі яна будзе дасягацца. Была небяспека, што ўлады ўключаць друкавальны станок, але пакуль гэтыя падазрэнні не апраўдваюцца. Магчымы іншы варыянт: адміністрацыйны ціск на прадпрыемствы, каб яны павялічвалі заробкі сваім работнікам без росту выручкі і прыбыткаў.

Калі дырэктару дзяржпрадпрыемства загадаюць падняць заробак — ён яго падыме. Гэта прывядзе да пагаршэння рэнтабельнасці, павышэння сабекошту прадукцыі і падзення яе канкурэнтназдольнасці на рынках. Карацей, нічога добрага на мікраўзроўні гэта прадпрыемству не прынясе.

Папулізм у палітыцы — гэта не беларускае вынаходніцтва. Па ўсім свейце палітыкі-папулісты, якія знаходзяцца ля ўлады, даюць шмат абяцанняў, у тым ліку і такіх, якія выканаць немагчыма. Але амаль нідзе вы не пачуеце, каб нехта абяцаў рост сярэдняга заробку. Чаму? Ды таму, што ў якасці абяцання сярэдні заробак — гэта дрэнны паказчык. Нават калі гэтае абяцанне выканаць, можна не толькі не атрымаць палітычных дывідэндаў, але і страціць ачкі.

Калі кажыць пра сярэдні заробак “усім па 1000 рублёў”, гэта не азначае, што кожны атрымае па тысячы.

Першы відавочны недахоп: гаворка ідзе пра сярэдні налічаны заробак, а не пра тое, што мы атрымліваем на рукі. А з налічанага трэба заплаціць падаходны падатак, 1% у ФСЗН, а шмат хто яшчэ заплаціць 1% прафсаюзам. Гэта азначае, што, калі налічаны заробак чалавека адпавядае сярэдняму і складае роўна 1000 рублёў, на рукі ён атрымаеце толькі 850. Паглядзіць на іх, паслухае навіны пра сярэдні заробак у 1000 рублёў, і яму стане сумна.

Далей. Сярэдні заробак падлічваецца вельмі проста: бярэцца фонд заробку — сумарны заробак, які людзі ў краіне атрымалі за месяц — і дзельцца на колькасць працуючых. Наўрад ці нас з гэтай лічбай падманваюць. Але хто атрымлівае гэты сярэдні заробак? Гэта не тое, што роўна палова працуючых атрымлівае менш, а палова — больш. Але і такі паказчык падлічваецца: ён называецца медыянным заробкам. Дык вось, сёння ў нашых рэаліях медыянны заробак прыкладна на 30% меншы за сярэдні. У той час, калі сярэдні заробак дасягне 1000 рублёў, палова працуючых будзе атрымліваць 700 рублёў і менш. Колькі людзей будуць атрымліваць тысячу? Значна менш за палову.

Я толькі што казаў, што людзям будзе крыўдна атрымаць 850 рублёў, чуючы ў навінах, што сярэдні заробак дасягнуў 1000 рублёў. Цяпер уявіце, што палова пры гэтым атрымае не 850 рублёў, а 700 рублёў і менш.

Ёсць і геаграфічны фактар. Сярэдні заробак у 1000 рублёў — гэта ж па краіне. А ў нас ёсць Мінск, дзе людзі ў сярэднім атрымліваюць заробак, вышэйшы за сярэдні па краіне, і ўсе астатнія рэгіёны, дзе, за рэдкім выключэннем (Жодзіна, Наваполацк, Мазыр, Салігорск) людзі атрымліваюць заробак, істотна меншы за сярэдні. І вось, прыходзіць “Час Ч”: нам абвяшчаюць, што заробак у 1000 рублёў дасягнуты. З аднаго боку, гэта праўда. Але гэта азначае, што ў Мінску будуць атрымліваць больш, а ў рэгіёнах — менш. Людзі, якія там жывуць, ва ўсіх тонкасцях разбірацца не абавязаныя. І што думаць тым, хто 1000 рублёў заробку ў вочы не бачыў? Як ім паверыць у тое, што гэта праўда, і як такая праўда можа не раздражняць?

Таму папулісты і не абяцаюць росту сярэдняга заробку. Нават тады, калі абяцанне выконваецца, большая частка людзей усё роўна будзе лічыць, што іх падманулі.

І яшчэ адна акалічнасць. Калі разабрацца, дык сярэдні заробак расце найперш за кошт росту заробкаў “і без таго заможных”. З набліжэннем да 1000 рублёў сацыяльнае расслаенне будзе толькі павялічвацца. Зразумела, што трэба “падцягваць” самых бедных. Але людзі з самымі малымі заробкамі — гэта, як звычайна, работнікі самых неэфектыўных, самых стратных прадпрыемстваў. А як зрабіць гэтыя “дрэнныя” прадпрыемствы эфектыўнымі, мы за 20 гадоў так і не прыдумалі. МВФ і іншыя арганізацыі кажуць пра структурныя рэформы, каб прадпрыемствы, якія ўжо ніколі не змогуць стаць эфектыўнымі, вызвалілі месца на рынку. Вось чым варта займацца замест таго, каб камандаваць заробкам, каб яны раслі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі