Чавусаў: Праект "Белая Русь" як палітычная партыя ўлады канчаткова пахаваны

Чавусаў: Праект "Белая Русь" як палітычная партыя ўлады канчаткова пахаваны

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька абраны новым старшынёй праўладнага грамадскага аб’яднання “Бела Русь”, з’езд якога прайшоў 19 студзеня ў Мінску. На гэтай пасадзе ён замяніў Аляксандра Радзькова. Што азначаюць такія змены, на чым сканцэнтруецца арганізацыя ў будучыні, тлумачыць палітолаг Юрый Чавусаў.

"Я не думаю што пра "Белую Русь" можна разважаць "зрабіў" — "не зрабіў". Яна сваю функцыю выконвае, і гэтая функцыя не звязаная з размеркаваннем палітычнай улады. Гэта такі прафсаюз чыноўнікаў. У гэтым кантэксце замена Радзькова на Давыдзьку можа сведчыць пра магчымую пэўную карэкціроўку ролі гэтай арганізацыі. Калі Радзькоў станавіўся старшынёй "Белай Русі", калі яна толькі стваралася, і мелася больш рэальная перспектыва яе пераўтварэння ў палітычную партыю, тады пад ім была магутная адміністрацыйная вертыкаль. Пры Давыдзьку такое наўрад ці магчымае".

Юрый Чавусаў дадае, што Давыдзька — найперш чалавек ад ідэалогі, таму з яго абраннем “Белая Русь” пачне больш уплываць менавіта на ідэалагічную палітыку:

"Давыдзька займае вялікую ролю ў вышэйшым пантэоне беларускай наменклатуры, але гэтая роля ідэалагічная. Ён стаіць на высокіх прыступках ідэалагічнай вертыкалі, бо Белтэлерадыёкампанія — гэта тая структура, якая задае ідэалагічныя мэсэджы ў грамадстве, разам з "Савецкай Беларуссю". Але пры гэтым пад ім няма вось гэтай падпарадкаванай наменклатурнай вертыкалі. Умоўны ідэолаг на нейкім прадпрыемстве не падпарадкаваны Давыдзьку, ён можа трансляваць яго мэсэджы, трансляваць яго ідэалагічную лінію і гэтак далей. Але будаваць палітычную машыну на падставе гэтай сістэмы немагчыма”.

Змена персаналій на чале праўладнага грамадскага аб'яднання, хутчэй, сведчыць пра тое, што праект "Белая Русь" як палітычная партыя ўлады канчаткова пахаваны, мяркуе Юрый Чавусаў. Але ў перспектыве арганізацыя можа стаць нечым большым, чым прафсаюз чыноўнікаў.

То бок, апроч "Мы падтрымліваем Александра Рыгорыча", будуць яшчэ нейкія канструктыўныя прапановы, звязаныя з дзяржаўнай палітыкай. Без пераўтварэння ў палітычную партыю, грамадскае абʼяднанне можа нешта прапанаваць рэжыму, і мы ўжо чулі першыя словы новага кіраўніка пра ролю БНР. Я схільны лічыць, што пры Давыдзьку прапановы кшталту "а давайце адсвяткуем стагоддзе БНР нечым большым, чым экспазіцыямі ў музеях" робяцца больш верагоднымі".

Верагодна, што пасля прызначэння, Генадзя Давыдзьку могуць зняць з пасады старшыні Белтэлерадыёкампаніі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі