Ці забараняюць умовы конкурсу “Міс Мінск” эратычныя фота?

У Беларусі абмяркоўваюць скандал вакол “Міс Мінск” — неадназначныя фоткі пераможцы ўсплылі ў сетцы, а сярод некаторых удзельніц і фіналістак апынуліся дзяўчаты, якія працуюць у клубе стрыптызёркамі і танцоркамі go-go. Еўрарадыё высвятляла, ці забараняе гэта ўдзельнічаць у конкурсе.

"Увогуле чаму паўстала такое пытанне? — абураецца сябра журы Аляксандр Ціхановіч. — У нас забаронена прафесія танцоркі ў начным клубе? Калі так, то тады трэба падымаць пытанне. Іншая справа, што на некаторых еўрапейскіх конкурсах не заўсёды могуць патрапіць дзяўчаты, якія працуюць стрыптызёркамі. Але гэта бачанне краіны, якая ладзіць конкурс".

Аляксандр Ціхановіч распавядае Еўрарадыё, што журыць яго паклікалі ўжо на фінальнай стадыі, пасля адбору. Выдалі фотаздымкі дзяўчат, дзе былі напісаныя параметры і ўзрост. Потым на асабістых сустрэчах была магчымасць задаць пытанні.

"Яны называлі сябе, коратка распавядалі. Я задаў пытанне дзяўчыне-біяхіміку пра яе любімы раман. Была дзяўчына, якая працавала ў дзіцячым садку. Вельмі сціплыя і сімпатычныя дзяўчаты".

Беларускі дызайнер Іван Айплатаў у размове з Еўрарадыё адзначае, што дзяўчаты, якія працуюць стрыптызёркамі, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе. Іншая рэч, ці маглі яны праходзіць у фінал. Відаць, што ва ўмовах конкурсу мусіць быць прапісана, што не павінна быць правакацыйных фота і відэа.

"Калі гэта не было забаронена ва ўмовах конкурсу, то я ніякіх праблем не бачу. З іншага боку, калі браць тое, што адбываецца ў свеце, калі многія краіны дазваляюць гей-прапаганду, то гэта самае мінімальна кепскае, што магло здарыцца ў Беларусі — удзел дзяўчат go-go і стрыптызёрак у "Міс Мінск".

Іван быў сябрам журы ў адным з адбораў. Цікавіўся, чым займаюцца будучыя міс.

"Калі адказвала, што танцуе, то хацелася раскрыць яе. Гэта нармальны кастынг. Усе кастынгі ў свеце праходзяць у купальніках, і гэта нармальна. Знешнія дадзеныя таксама важныя ў такім конкурсе".

Удзельніца конкурсу “Міс Мінск 2011” распавядае Еўрарадыё, што ў дамове, якую падпісвалі дзяўчаты тады, быў пункт, які датычыўся забароны эратычных фотасесій.

"Праўда, ёсць такі момант наконт сёлетняй пераможцы, што гэтыя фота былі зробленыя ў снежні, а дамова падпісваецца на час конкурсу і на наступныя 2 гады".

Удзельніца “Міс Мінск 2013” у размове з Еўрарадыё выказвае меркаванне, што першапачаткова некаторых канкурсантак набіраюць для антуражу і без шансаў на перамогу. З іншага боку, go-go можна ацэньваць як мастацтва на прыкладзе Дзіты фон Ціз, адзначае дзяўчына.

"Натуральна, сітуацыя непрыемная. Непрыстойныя фота зняславілі гонар і твар горада. Гэта, як мінімум, безадказныя паводзіны. Апраўданні "асабістае жыццё і адпачынак" тут не прымаюцца, бо ў гэтай сітуацыі тытул абавязвае. Казус яшчэ ў тым, што, можа, праз глупства пераможцы склалася агульнае ўражанне аб конкурсе і іншых удзельніцах. Па факце яна стала эталонам зборнага вобраза прыгажосці. Гэта крыўдна".

Перад самім кастынгам, распавядае дзяўчына, трэба было толькі запоўніць анкету. Умовы былі апублікаваныя на сайце, але што там было дакладна, не чытала.

Датэлефанавацца прэс-сакратару тэлеканала, каб запытацца пра ўмовы конкурсу, не атрымалася. Еўрарадыё ніводнага разу не застала яе на месцы. Па тэлефоне адказваюць, што яна выйшла. Больш ніхто расказаць пра ўмовы не можа, на сайце адшукаць нейкі дакумент таксама не ўдалося. У Нацыянальнай школе прыгажосці таксама не змаглі адказаць на пытанне пра ўмовы конкурсу — перанакіравалі на сайт СТВ.

Нагадаем, што карыстальнікі сацсетак знайшлі ў інтэрнэце правакацыйныя здымкі пераможцы конкурсу "Міс Мінск". Затым журналісты высветлілі, што некаторыя ўдзельніцы конкурсу працуюць у начных клубах танцоркамі go-go і нават стрыптызёркамі.

Дарэчы, як бачна на відэа з аднаго кастынгаў, якое было выкладзенае на сайце канала СТВ, але пазней выдаленае, дзяўчына распавядае пра працу танцоркай go-go.

 

Фота: potashnikov.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі