Open'er у Гдыні: як арганізаваць фэст на 100 тысяч чалавек (фота)

Фэст Heiniken Open'er праходзіць у аэрапорце пад Гдыняй. "Гэта ж як наша Баравая!" — скажуць мінчукі. І будуць мець рацыю. За тым, хіба, выключэннем, што ані самалётаў, ані нават верталётаў тут не бачна.
 
Агромістая фестывальная зона дзеліцца на тры часткі. У цэнтры — музычная зона: тут месцяцца тры асноўныя сцэны фэсту. Па баках ад яе цягнуцца харчовыя шапікі, гандлёвыя кропкі, забавы накшталт ціхай дыскатэкі і нават музей горада.
Галоўная фестывальная вуліца. Да Open'er застаецца пара гадзінаў!
Фэст мае два ўваходы. Вялікі чэк-поінт знаходзіцца з боку намётавага мястэчка. Маленькі — ля аўтамабільнай паркоўкі. На ўваходзе даглядаюць не толькі заплечнікі, але нават барсеткі і торбачкі, што людзі нясуць на паясах.
Тут жа абсалютна бясплатна выдаюць кніжачкі з раскладам і гідам па фестывальных забаўках.
 
Піва на фэсце прадаецца паўсюдна. Але нічога больш моцнага не знайсці. Пеністы напой разліваюць у кубачкі па 0,4 літра. Якасцю гэтага піва задаволіцца складана. Нават на белым "Ікарусе", размалёўваць які дазволена кожнаму, нехта напісаў, што такое піва "не ўстаўляе"
 
Падыходзіць з півам да сцэн забаронена. Людзі дапіваюць, седзячы на траве побач з праходамі ў музычную зону.
Кропкі з півам і гарадок-прыбіральня — побач!
 
Фэст мае сваю валюту — боны. Адзін бон каштуе тры злотыя. Танней тут нічога няма. Піва каштуе два боны — гэта каля 15 тысяч рублёў. За бігас просяць тры боны, а добра паесці можна за 5-10 бонаў.
Галоўная сцэна разгорнутая "тварам" да ўсёй музычнай зоны. Прыкладна за 500 метраў ад яе стаіць Alter Stage, дзе ўночы на 7 ліпеня будуць выступаць Harotnica і N.R.M. Яшчэ метраў праз трыста — вялізарны шацёр Tent Stage.
Ад Tent Stage галоўную сцэну амаль не бачна. Яна справа ад кола агляду.
 
Фанаты Blur з пакетамі малака, патрэбнымі падчас песні "Coffee and TV", займаюць месца пад сцэнай за 5 гадзін да выхаду любімага гурта:
А вось гэтыя пакеты падчас канцэрта ))
На фэсце процьма людзей. Мы здымаем, стоячы ў двух кроках ад галоўнай сцэны. У гэты момант музыка гучыць яшчэ на чатырох пляцоўках! Справа бачна дадатковую гукавую панараму для тых, хто не хоча каўбасіцца пад сцэнай.
Для інвалідаў-вазочнікаў абсталяваныя ўзвышэнні з пандусамі:
The Editors граюць сумесь са старых-любімых і новых-не-вельмі-любімых песень, гэта лёгка зразумець па рэакцыі публікі.
Але і акрамя хэдлайнераў тут дастаткова цікавай музыкі. У першы дзень вартымі ўвагі былі Mikromusic з Вроцлава, брытанцы Alt-J і канадцы Crystal Castles.
 
Выходзяць Blur, і пад сцэнай пачынаецца шалёны слэм! Здымаць папросту немагчыма: натоўп носіць нас, як захоча. Камеру ў руках не ўтрымаць. Самому б утрымацца!
Blur эксперыментуюць з нойзам. А пасля шалёнага пачатку канцэрта, калі няголены (і таму вельмі падобны да Тома Ёрка) Дэйман Элбарн рве мозг, спяваючы ў мікрафон праз рупар, зоркі брыт-попа выдаюць сэт са старых-добрых "Coffee & TV", "Tender" ды "Country House". А "Song 2" прыпасаюць на самае заканчэнне канцэрта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі