“Пасля візіту Лукашэнкі продажы каўбас толькі ўзраслі!”

“Ну як сітуацыя… Так, частка людзей у адпачынках. А частка пераведзеная на розныя падсобныя працы. З захаваннем сярэдняга па прадпрыемстве заробку”, — расказвае Еўрарадыё кіраўнічка пафкама Слуцкага мясакамбіната Зінаіда Адамчык.

13 красавіка прадпрыемства нечакана наведвае кіраўнік краіны. Лукашэнка трапляе ў маразільнік са старым мясам, злуецца і загадвае неадкладна “навесці парадак”. У выніку кіраўнік камбіната трапляе за краты, палову супрацоўнікаў адпраўляюць падмятаць і фарбаваць цэхі, яшчэ палова ідзе дадому ў адпачынак.

У прафкаме Еўрарадыё супакойваюць — прастойваць мясакамбінат будзе ад сілы месяц. А мясаперапрацоўчы цэх увогуле запусцяць ужо на наступным тыдні.

“Далей у нас будзе так — халадзільны і мяса-тлушчавы цэхі павінны запусціцца праз месяц. На такі час планавалася іх спыненне. Яны запусцяцца праз месяц. А мясаперапрацоўчы… Размова ішла пра тыдзень. Але не ведаю, ці справяцца яны там за тыдзень. Думаю, што два, не больш”.

На прадпрыемстве гавораць, што вывезенае з яго па загадзе Лукашэнкі мяса, хутчэй за ўсё, пасля рамонту вернуць назад. Пакуль жа прадпрыемства распрадае запасы каўбас. У фірмовай краме “Мясны шэраг” Еўрарадыё расказваюць, што візіт і разнос Лукашэнкі на прадпрыемства не напалохаў случчакоў. Маўляў, пастаянныя кліенты як куплялі, так і купляюць. “У нас тут на месцы людзі ведаюць, што да чаго. Гэта па тэлебачанні можна паказаць, раскрытыкаваць…” — кажуць у краме. І дадаюць, што паводле фінансавай справаздачнасці, пасля скандалу продажы… нават павялічыліся!

“Значыць, так. Вось 7 красавіка — 41 мільён прыбытку. 8 — 51 мільён. Зараз глянем 17 чысла — 70 мільёнаў прыбытку. У мяне ўсё ў кніжцы запісана. 18 чысла — 66 мільёнаў. Можа, гэта яно перад святамі так, перад Вялікаднём… Я б не сказала, што ў нас знізіліся продажы. Наадварот, нават павялічыліся”.

У краме шкадуюць толькі аб адным — на час вымушанага рамонту на прадпрыемстве з прылаўкаў знікла мяса. Няма ні рэбраў, ні філе. Толькі каўбасы засталіся.

“Каўбасныя вырабы ў нас ёсць. Сыравэнджаныя, вэнджаныя, вараныя. А мяса ў нас няма больш, гэта ж усё зачынілі… Дзякуючы каўбасам у нас такія вось прыбыткі”.

Дарэчы, больш за іншых у аднаўленні нармальнай працы мясакамбіната ў Слуцку цяпер зацікаўлены мінскі губернатар Сямён Шапіра. Лукашэнка паабяцаў прызначыць яго сюды дырэктарам, калі сітуацыя не наладзіцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі