Расія гатовая вярнуць у Беларусь некаторыя вывезеныя каштоўнасці

Факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля

Факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля / kultura-info.by

Міністэрства культуры Расіі пагадзілася адрасна дапамагчы ў пошуку беларускіх культурных каштоўнасцяў. Але для такіх пошукаў ёсць умова — прад'яўленне копіі ўліковых дакументаў, якія пацвярджаюць, што да Другой сусветнай вайны гэтыя каштоўнасці належалі музеям БССР, піша газета "Культура".

У выданні адзначаецца, што апошнім часам праз МЗС Беларусі было накіравана восем запытаў па перамешчаных каштоўнасцях у амбасаду РФ і адзін — у амбасаду Грузіі.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў склалі пералік культурных каштоўнасцей, перамешчаных у гады вайны. У ім згадваюцца 764 прадметы.

Паведамляецца, што за 2023 год у Беларусь было вернута 318 арыгінальных культурных каштоўнасцей (напрыклад, за 2021 і 2022 гады — толькі 24 арыгіналы). Выданне адзначае, што сваякі мастака Марка Шагала летась падарылі 66 кніг (у тым ліку з арыгінальнай графікай) музею Шагала ў Віцебску. З Германіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі былі перададзеныя дзве кнігі са збору Іяахіма Храптовіча. Жыхарка Санкт-Пецярбурга вярнула ў Гомельскую епархію 59 кніг Яна Кармянскага (Гашкевіча), кананізаванага РПЦ.

Разам з тым, варта адзначыць, што вяртанне культурных каштоўасцяў у Беларусь з Расіі сутыкаецца з заканадаўчымі перашкодамі. У 1998 годзе ў Расіі прынялі закон "Аб каштоўнасцях, перамешчаных у РФ у выніку Другой сусветнай вайны і яе наступстваў". У адпаведнасці з ім пераважная большасць такіх прадметаў мастацтва цяпер лічацца культурнай спадчынай Расіі, іх забаронена вывозіць ці перадаваць іншым краінам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі