Эксперт-выбухатэхнік: Бомба была камбінаванага дзеяння

Пра гэта заявіў 12 красавіка РІА Новости спецыяліст-выбухатэхнік з Мінабароны РФ.

"Бомба, падарваная ў мінскім метро, хутчэй за ўсё, была вырабленая з сумесі трацілу і пласціду, якія знаходзіліся ў пластыкавай ёмістасці. Падобныя выбухныя прылады актыўна ўжываліся супраць федэральных сіл баявікамі ў першую чачэнскую кампанію", - адзначыў эксперт.

Згодна з ягонымі словамі, такую выснову можна зрабіць, вывучаючы апублікаваныя ў інтэрнэце відэакадры. "Адразу пасля выбуху паваліў чорны дым - гэта асаблівасць гарэння пластмасы, у якую, як відаць, і была запакаваная выбухная прылада. Таксама па характары выбуху можна выказаць меркаванне, што бомба была камбінаванага дзеяння, то бок складалася з двух відаў выбухоўкі - трацілу і пласціду", - адзначыў суразмоўца агенцтва.

На ягоную думку, тэрарыст, хутчэй за ўсё, пранёс СВП у метро ў дарожнай сумцы, а бомба была начыненая паражальнымі элементамі. "Пасля закладкі СВП злачынец адышоў у бяспечнае месца і дыстанцыйна прывёў выбухоўку ў дзеянне", - сказала крыніца.

Яна таксама адзначыла, што выбухоўку, мяркуючы па ўсім, закладваў прафесіянал, які дакладна ведаў, які эфект выкліча гэты выбух. СВП была закладзеная ў пэўным месцы пад лаўкай.

"Гэта сведчыць аб тым, што выбух мусіў быць накіраванага дзеяння. Маса выбухоўкі была досыць вялікая, не менш за 5 кілаграмаў, і была разлічаная на максімальны паражальны эфект", - распавёў эксперт.

Ён не выключыў, што траціл або пласціт, які ўжылі ў мінскім метро злачынцы, быў выкрадзены на адным з ваенных складоў альбо набыты ў "чорных" капальнікаў, што выплаўляюць выбухоўку з снарадаў, пакінутых у месцах баёў Вялікай Айчыннай вайны.

Фота: gazetaby.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі