Троіца: Часам падаецца, што на тэлебачанні здзекуюцца з беларускай песні

Этна-трыа “Троіца” сёлета адзначае 15-годдзе. Адмыслова да юбілею 23 красавіка музыкі ладзяць вялікі сольны канцэрт у Белдзяржфілармоніі. Падрабязней пра святочнае мерапрыемства, новую праграму, летнія фэсты, фальклорныя экспедыцыі, стаўленне да беларускай народнай песні і працы з ёй, а таксама пра Еўрабачанне і Чэмпіянат свету па хакеі ды запіс наступнага альбома музыкі “Троіцы” распавялі падчас прэс-канферэнцыі і ў прыватнай размове з Еўрарадыё.

У Філармоніі будзе цалкам новая праграма, ці не?

Іван Кірчук: Ну, не цалкам новая. Пасля альбома “Зімачка” і апошняй песні “Сонца” мы знайшлі новыя гарызонты працы. І тыя кампазіцыі, якія з’явіліся пасля “Сонца”, вельмі адрозніваюцца ад звычайных песень, гэта такія фальклорныя палотны, а месцамі, дзе можна паказаць персанажаў, нават і фолк-оперы. Будзе на канцэрце новая прэм’ерная песня. Гэта старадаўняя балада пра брата і сястру.

Сёлета мы выступім на фэсце ў Англіі, пасля чаго можна смела паміраць, вышэй ужо нічога няма

З якім настроем сустракаеце 15-годдзе? Якія планы на бліжэйшы час?

Юрый Дзмітрыеў: Настрой, безумоўна, святочны А планы… ну, ў нас практычна гатовы матэрыял для новай праграмы. Цяпер мы шукаем і грошы на запіс, і студыю, дзе можна было б яго зрабіць. Праграма сапраўды вельмі складаная. Песень будзе не шмат, але па часе гучання будзе прыстойна. То бок, кожная кампазіцыя вельмі расцягнулася па часе, вельмі ўскладнілася, у іх стала шмат частак, як правіла ў адну кампазіцыю ўваходзіць 2-3 народныя песні… Таму асноўная наша задача на сёння — рэалізацыя новай праграмы. Ну а другая — выступ на фестывалі WOMAD у Англіі ды іншых летніх фэстах. Гэты фэст на фальклорнай сцэне — адна з вельмі сур’ёзных планак, да якой мы за 15 гадоў усё ж дараслі.

Іван Кірчук: Тут, можа, дапамог леташні выступ на фестывалі ў Пяцігорску. Магчыма, арганізатары там на нас звярнулі ўвагу, таму і запрасілі ў Англію. Як кажуць, пасля гэтага фестывалю можна паміраць, вышэй нічога няма (усміхаюцца). Засталося толькі падумаць, як туды дабрацца.

А ўжо вядома, якія кампазіцыі вы будзеце там прадстаўляць?

Юрый Паўлоўскі: Мы звычайна рыхтуем адну праграму на ўвесь сезон. То бок, фактычна ў Мінску будзе прэм’ера гэтай праграмы.

Іван Кірчук: Я б хацеў дадаць, што калі мы ствараем праграмы, то абавязкова ўлічваем перавозку інструментаў. У нас іх шмат, і ёсць вялікія, напрыклад, у нас з’явіліся новыя гуслі, якія зрабіў беларус, народны майстар з Сібіры Павел Крыж. А ўлічваючы, што перасоўваемся мы на аўтобусе, то там кожны сантыметр на вагу золата. А таму праграма выбудоўваецца так, каб мы маглі ўсё неабходнае ўвезці з сабой, правезці праз мяжу і вярнуцца дамоў з цэлымі інструментамі.

Юрый Паўлоўскі: Для замежных гастроляў нашага гурта гэта сапраўды вельмі вялікая праблема. Мы практычна не карыстаемся самалётамі, бо з-за сур’ёзнай перавагі гэта вельмі дорага. У тую ж Іспанію мы два гады запар дабіраліся сваёй хадой на бусіку.

Стваральнік WOMAD Пітэр Гэбрыэл! А калісьці вы прызнаваліся, што вельмі жадаеце ўзяць у яго аўтограф на дыск. Ці атрымалася?

Іван Кірчук: Яго не было ў Пяцігорску. Ён і не збіраўся туды, бо былі свае гастролі.

Юрый Паўлоўскі: Ды і няма такой звышмэты — па-першае, а па-другое, не атрымаецца ў нас, хутчэй за ўсё. Там столькі каманд у канцэртным графіку! У тым жа Пяцігорску мы нават не начавалі: прыехалі раніцай, днём адыгралі канцэрт, вечарам з’ехалі. Нават з мясцовым арганізатарам не паспелі сустрэцца паразмаўляць. А яшчэ і два дні дарогі туды і два дні назад.

На жаль, народная музыка ў нас не цэніцца так, як у Еўропе

Іван Іванавіч, а што чуваць з вашай новай кнігай?

Іван Кірчук: Працяг “Аўтабанаў і менестрэляў” напісаны. Калі першая частка ахоплівала 10-годдзе гурта, то гэтая заняла 2008-2010 гады. Зноў у ёй каля 400 старонак. Там ёсць разгадкі больш чым ста сноў, ёсць даволі цікавыя рэчы звязаныя з духоўнымі практыкамі ды медытацыямі. Але за паўгода пошукаў так і не знайшлі мы грошай на яе выданне, хоць вельмі хацелі паспець да канцэрта. Магчыма, па восені выдадзім.

Але ў першую чаргу, я б шукаў грошы на дыск, гэта больш важна. Калі такая магчымасць ёсць, то я б звярнуўся да аматараў фолк-музыкі, якія могуць дапамагчы. Думаю, альбом “Зімачка” ўсё ж які-небудзь след тут пакінуў, атрымаўшы 5 узнагарод ад experty.by. Вельмі хочацца, каб новы альбом па гуку не быў горшы за “Зімачку”, таму вельмі спадзяемся, што знойдзем неабходныя грошы. Бо польская студыя, з якой мы працавалі, каштуе 300 долараў за дзень. На запіс трэба каля 4 тыдняў, адзін тыдзень на звядзенне, вось і памнажайце… А гэтыя грошы не адбіваюцца, гэта чыстай вады мецэнацтва. Гэта ў Еўропе нешта адбіць можна, бо там дыскі добра прадаюцца і каштуюць і 20 і 30 еўра. А ў нас такіх коштаў няма, у нас, на жаль, так не цэніцца народная музыка.

Але мець гэты кампакт, на якім усё, што ты зрабіў, важна. Да таго ж, студыя дапамагае рэалізаваць свае магчымасці. На канцэрце будзем працаваць утраіх і будзем толькі перахопліваць розныя інструменты, каб паказаць усю прыгажосць аранжыроўкі. А ў студыі можна трэкамі, накладаннямі пісаць… я толькі вакалу пісаў па пяць трэкаў, Юрый кучу гітар і барабанаў… пад 420 трэкаў была запісаная толькі песня “Зімачка”! Вось лічыце, колькі можна было музыкаў запрасіць, але 3 чалавекі гэта зрабілі ў студыі.

Дык а можа варта было б паспрабаваць зрабіць запіс з аркестрам, напрыклад, тым жа прэзідэнцкім?

Юры Паўлоўскі: Гэта ўсе робяць, такога кшталту праектаў шмат. А ўсе адзначаюць, што мы па гучанні на канцэртах ні на што не падобныя. Думаю, менавіта таму нас і запрашаюць на фэсты другі раз. Напрыклад, летась другі раз запрасілі на іспанскі фестываль Etnosur. Самі арганізатары былі здзіўленыя нашым выступам. А наша мэнэджар у Германіі была ўвогуле шакаваная, бо яны ніколі не запрашаюць адзін і той жа гурт двойчы, не тое, каб два гады запар. Прычым, на другі год далі яшчэ і галоўную сцэну.

Іван Кірчук: Да таго ж, вельмі складана з аркестрам ездзіць. Вы ўявіце, што мы ўтраіх, плюс гукарэжысёр і вадзіцель ездзім, але і гэта ўжо складана. А тут яшчэ і аркестр! А калі не катацца з гэтай праграмай, то навошта яна тады. Столькі часу аддаць на рэпетыцыі і зрабіць адзін канцэрт!? Часы, калі можна было загружаць аўтобус і ехаць, мінулі. Я тут днямі ўзгадваў, што я калісьці рабіў праграмы са студэнтамі, і ў мяне вялікая маска казы лётала ў Сочы ў самалёце, каштавала гэта 18 рублёў. А сёння маска казы ўжо так не паляціць. Дарэчы, ў свой час малазійскі фестываль нам аплаціў пералёт з Галандыі, у іх былі грошы, атрымалася на наш гурт з інструментамі каля 5 тысяч долараў ці еўра.

Таму мы цяпер не выдаём розных лішніх кліпаў, бо не жадаем выдаткоўваць грошы, якіх не хапае, на не самыя патрэбныя рэчы. У нас ёсць шыкоўны анімацыйны мультфільм, у нас ёсць “Выцінанка-выразанка”, якую нам зрабіў Міхаіл Тумеля, але гэта і беларускі твар, і каларыт, і тое, што нам падабаецца. Але мы не можам траціць грошы проста, каб штосьці адзняць. Тым больш, зрабіць такі канцэрт. Лепш мы будзем займацца тым, што ў нас добра атрымліваецца, і ёсць сапраўды заўважны вынік.

Мы прапаноўвалі зрабіць музей інструментаў з вялікім архівам і калекцыяй сусветнай фальклорнай музыкі. Але міністэрства не адрэагавала.

Калісьці вы выстаўлялі ў Галандыі свае музычныя інструменты, якія потым так і не вярнуліся дамоў, чаму? Дзе яны цяпер?

Іван Кірчук: У 1999 годзе мы сапраўды ладзілі там выставу маёй уласнай калекцыі. У нас там было 10 дзён, якія мы паказвалі батлейку, а на маніторы быў напісаны пераклад на галандскую. Мы рабілі дзіцячыя прадстаўленні і былі канцэрты “Троіцы”. Нам было вельмі зручна, бо ўсе дні інструменты былі на сцэне, гукарэжысёрскі пульт быў залеплены, каб ніхто нічога не чапаў. Потым мы пераехалі з батлейкай у Германію, праехаў па Босніі… А цяпер частка музея знаходзіцца ў Варшаве ў маіх сяброў. А музычныя інструменты гурта “Троіца” былі выстаўленыя ў Заслаўлі два гады таму. Яшчэ частка інструментаў у мяне на лецішчы, частка дома, але захоўваць іх папросту няма дзе.
 

Я ўжо даўно ўздымаў пытанне месца рэпетыцыі “Троіцы”. Мы высылалі ў Міністэрства культуры, намеснік міністра Уладзімір Карчэўскі ведаў пра тое, што ў нас няма рэпетыцыйнай кропкі. Мы прапаноўвалі зрабіць на ёй музей інструментаў, усе іх расставіць, каб зацікаўленыя маглі прыходзіць і глядзець. А гэта ж інструменты з усяго свету, не толькі беларускія. Мы іх прывозім з фэстаў, набываем падчас падарожжаў, нам іх дораць. Тыя ж гуслі, якія будуць скарыстаныя ў новай праграме, нам падарыў хлопец з Сібіры. Каб прывезці іх у Мінск, давялося прасіць Сяргея Старасціна, які там выступаў, каб ён іх прывёз у Маскву, а з Масквы ўжо я сам іх забраў. Да таго ж, у “Троіцы” вялізны архіў, гэта не ўзгадваючы, што толькі ў мяне 1500 CD дыскаў з сусветным фальклорам і 500 DVD, а яшчэ ж у хлопцаў нешта ёсць. Але на ўсе нашы лісты ніхто ніяк не рэагаваў.

Дзякуючы заслаўскай выставе, мы пазнаёміліся з дырэктаркай Дома культуры Шчамысліц, і цяпер рэпетуем там. Але ў нас вельмі малое памяшканне, чацвёрты чалавек туды не ўсунецца.

Музычнае выхаванне трэба пачынаць з таго, што карыстацца беларускай дома з дзецьмі

Вы ж ці не самы фестывальны гурт Беларусі, чаму пры гэтым такая нізкая цікавасць да “Троіцы” на Радзіме?

Іван Кірчук: Сапраўды, у нас ужо 90 фестываляў за спінай. А прычына, думаю, у музычным стылі. Калі б мы працавалі так жа як ансамбль “Бяседа” ці “Свята”, то ў нас было б вельмі шмат прыхільнікаў. Але гэты накірунак не наш. Мы нічога супраць не маем, бо гэта таксама пэўная прапаганда беларускага фальклору. Але “Троіца” робіць сучасныя аранжыроўкі беларускіх народных песень. Узгадайце, калі “Песняры” ўдарыліся ў вялікія рок-оперы, ці было ў іх столькі прыхільнікаў, колькі на пачатку? Не, усе ўсё роўна прасілі “Касіў Ясь канюшыну”. Таму ў нас дагэтуль няма хіта, але ёсць свае дыскі са сваім музычным бачаннем.

Мы ж нефармат! 10 хвілін кампазіцыі не трапіць ні на радыё ні на тэлебачанне. Фестывалі добрага ўзроўню з фальклорным ухілам дагэтуль мы можам пералічыць па пальцах: “Камяніца”, “Вольнае паветра”, ну і, вось, “Таўкачыкі” будуць праходзіць. Зноў жа, этна-радыё ў нас няма, каб там ставілі песні розных краін свету, каб адукоўваць людзей.

Было б добра, каб сюды прыязджалі гурты сусветнага ўзроўню, я ўжо не кажу пра Пітэра Габрыэла. Калі яны будуць прыязджаць, калі ў людзей з’явіцца цікавасць яшчэ і да фолкавай музычнай культуры, то, можа, сітуацыя і зменіцца. Але пакуль… да нас падыходзяць на фестывалях, кажуць “мы хочам выступіць у Беларусі”, а мы не можам іх запрасіць, бо мы, “Троіца”, не можам гарантаваць, што збяруцца людзі.

А ў свеце, як сітуацыя з этна-музыкай?

Іван Кірчук: Зусім усё інакш! Напрыклад, у Канадзе за год праходзіць 1200 фестываляў, менавіта фальклорных! У іх гэты рух развіты. А вазьміце Украіну, у іх Алег Скрыпка нацыянальны герой.

Ну, і давайце падвядзем рысу! Што трэба рабіць беларускім музыкам, каб заняць месца сярод выканаўцаў першага этнічнага эшалону?

Іван Кірчук: Я б пачаў яшчэ раней, я б пачаў з таго, што дома трэба размаўляць са сваімі дзецьмі на беларускай мове. Будзе ў сям’і беларуская мова, будзе яна і ў садку, і ў школе. А адпаведна, яны будуць прагнуць беларускамоўных песень, народных, бо рускамоўная эстрада дзецям будзе непатрэбнай. Тады ўсё будзе развівацца далей, у маладых музыкаў будзе выдатная база, аснова, на якой можа вырастаць сваё стаўленне да этнасу і культуры.

На гэта патрэбны час, а проста так трапіць у эшалон, каб выканаць нешта… Звярніце ўвагу: з’яўляюцца гурты, якія нешта робяць на беларускай, і ў мяне пытаюцца, ну што, як? А я адказваю, што давайце пачакаем, паглядзім што будзе далей. А яны зрабілі праграму і затухлі, ці з’ехалі ў тую ж Польшчу… То бок, каб рабіць этнічную музыку, трэба прарастаць каранямі. Калі карэньчык маленькі, то ты не ўтрымаешся, а калі будзеш шчыльна пускаць карані, думаць, разважаць, аналізаваць, то цябе ўбачаць, і ў гэты эшалон абавязкова пасадзяць. А іначай, могуць нават у апошні вагон не ўзяць.

Часам мне падаецца, што на тэлебачанні і радыё з беларускай песні здзекуюцца

Ці прапаноўваюць вам пісаць музыку для кіно. Хто б ведаў пра Гаспарана, каб не Гладыятар?

Юрый Паўлоўскі: У Беларусі не здымаюць фільмы такога ўзроўню, як у Галівудзе. Але для Беларусьфільма мы аформілі тры стужкі: “Маленькія ўцекачы”, “Тры талеры” і “Цень самурая”. А дакументальных фільмаў і спектакляў вельмі шмат. Мне вельмі часта тэлефануюць, пытаюцца, ці можна ўзяць… Я звычайна пытаюся, што за праект, і дазваляю, галоўнае, каб у цітрах адзначылі.

Іван Кірчук: Але нам было б цікава папрацаваць над якім-небудзь гістарычным фільмам. Бо гэта тая ж самая студыйная праца, якую любіць “Троіца”. Тут у нас шмат свабоды, няма ніякіх межаў. Так жа, як і праца над новай праграмай. Напрыклад, кампазіцыю “Цар агонь” мы пачалі рабіць, зразумела, што гэта купальская песня, тады ўжо пачынаеш думаць і пра ачышчэнне агнём, вадой, травамі… гэта ўсё пачынае ператварацца ў музыку, мы ж на пачатку не распавядаем, што збіраемся ведзьму ганяць, напрыклад…

Напэўна, таму мне не заўсёды падабаецца тое, што адбываецца з беларускай песняй па тэлебачанню, радыё, бо падаецца, што над песняй папросту здзекуюцца. То бок ніхто не разбіраецца, што там за тэкст, ці можна яго браць і рабіць у такім выглядзе… Я і студэнтам сваім заўсёды кажу, што, калі траплялі людзі ў грабніцы, то парушалі тую прастору, потым хварэлі і паміралі. А калі мы бярэм старадаўнюю песню, якую спявалі нашы продкі да хрысціянства, то да яе трэба вельмі беражліва ставіцца, каб нічога не парушыць. Вось над гэтым мы і думаем, і працуем.

А будзеце браць удзел у культурных мерапрыемствах да чэмпіянату па хакеі?

(Смяюцца) Іван Кірчук: Я ж не дарма сказаў пра песні. Усё, што цяпер робіць “Троіца”, гэта вялікія кампазіцыі да 10 хвілін даўжынёй. Калі нам скажуць, пайграйце да вось гэтай дудачкі, а далей толькі барабан, то мы ж гэтага не зробім. На шчасце, у нас зусім іншая музыка.

Юрый Паўлоўскі: Музыка, якая плануецца для такіх мерапрыемстваў, як правіла, выключна забаўляльнага характару. А ў нас, на шчасце, іншы падыход. Ды і мы сябе там неяк не бачым.

А на Еўрабачанне паехалі б?

Іван Кірчук: Мы ж ужо адмаўляліся! Калісьці Яўген Калмыкоў прапаноўваў аб’яднаць “Троіцу” і яшчэ некалькі беларускіх выканаўцаў. Але гэта не наша месца! У нас ёсць свае этнічныя фэсты. А да таго ж, у нас чамусьці такое стаўленне да прадстаўнікоў краіны… Калі знайшлі гэтага чалавека, то нясуць яго да канца. А ён не перамагае, і яго кідаюць, забываюць і хіба не растоптваюць, як было гэта з Аляксандрай і Канстанцінам. Не ведаю чаму. Людзі ж краіну прадстаўлялі, ну, не перамаглі, ну і што? Таму трэба вельмі дакладна вызначаць, куды трэба ехаць і навошта.

Юрый Паўлоўскі: Будзем так казаць, што WOMAD для нас — наша Еўрабачанне. Нам сказалі, што ў дзень нашага выступу на ім будзе каля 30 тысяч гледачоў. То бок, якое Еўрабачане? (смяюцца). Тым больш, там ніхто не будзе галасаваць і мы сваю праграму прадстаўляем, якую самі прыдумалі. А з Еўрабачаннем наляцяць жа…

Іван Кірчук: Пачнуць касцюмы нам рабіць, паставяць мяне на шарык, Юрыка запхнуць у раяль (смяюцца). Хай у гэтым удзельнічаюць тыя, каму гэта трэба, а ў нас, напэўна, іншая місія, нас вядзе народная песня.

Каб песня загучала, трэба, каб яна жыла у ва ўсіх траіх, а гэта вельмі складана

Наколькі складана папаўняць рэпертуар? Ці ездзіце вы ў фальклорныя экспедыцыі?

Іван Кірчук: Апошні раз у экспедыцыі мы былі даволі даўно, недзе ў 2010-м годзе. Было гэта ў вёсцы Міхалкавічы Лагойскага раёна. А вось імя бабулі не памятаю… ёй было дзевяноста з нечым гадоў і яна нам гадзіну спявала песні, чытала вершы і старажытныя малітвы. А наконт песень… ведаеце, калі я запісаў першыя 100 песень у адной бабулі, мне падавалася, што я сабраў увесь фальклор Беларусі! Я ж тады нічога не ведаў. Прыехаў у акадэмію навук, каб здаць свае песні, а мне адкрылі шафаў дзесяць, у кожнай з іх па дваццаць паліц, на кожнай з іх па трыста бабін, і я зразумеў, што нічога не сабраў… так і дагэтуль працягваецца.

У мяне свой уласны архіў вельмі вялікі, бо і завочнікі нешта здаюць, але яшчэ на бабінах. І вось як з такой шафы выбраць песню? Я ўжо не пытаюся пра ўсе шафы. Даходзіла да таго, што я сядзеў дома ў навушніках месяцамі, у мяне на бабінах напісана: “добры тэкст”, “добрая мелодыя”… То бок, у маім архіве ўсе песні неяк адзначаныя, але якая з гэтых песень прыжывецца ў “Троіцы” — вялікае пытанне.

Народныя песні не на дзве ці тры чвэрці, як вальс, там вельмі часта памер змяняецца, а мы хочам гэта захаваць, а значыць, узнікаюць пытанні аранжыроўкі! Бываюць моманты, калі ў кожнага нараджаецца свой рытм, свой пульс песні. За апошні час мы выбралі каля 20 песень, якія б хацелася ўзяць у распрацоўку, але пакуль ні над адной не працавалі. Пакуль у нас у траіх не спрацуе такая, не ведаю…  гармонія для траіх, мы не пачнём працу. Бо здараецца, што мне песня вельмі падабаецца, але яна не жыве ў хлопцаў! А каб яна зажыла ў траіх, патрэбны час і разуменне, што ўсё што мы робім з песняй правільна. Вось такая для нас “Зімачака”, бо ніхто з нас не мае ніякіх пытанняў ні да гучання, ні да аранжыроўкі, ні да партый.

Плюс, у нас жа няма ніякіх імправізацыйных партый. На канцэртах я вельмі пільна сачу за двума Юрамі, бо апроч таго, што спяваю і змяняю інструменты, я яшчэ мушу патрапіць у нейкія пэўныя рэчы! Таму ў нас усё адточана, адпрацавана, і трэба нямала часу, каб падрыхтаваць вось такі мінскі канцэрт. Тым больш, вельмі складана і адказна граць на Радзіме. Гэта недзе ў Галандыі могуць не звярнуць увагі на нейкі недахоп, а тут будуць музыкі, сябры, знаёмыя, сваякі — самы адказны канцэрт менавіта дома.

Што можаце сказаць патэнцыйным наведвальнікам канцэрта?

Юрый Дзмітрыеў: Прабачце за банальнасць, але ўсё што мы хацелі і маглі сказаць, мы ўжо сказалі музыкай, а перадаваць гэта словамі, напэўна, бессэнсоўна.

Іван Кірчук: Звычайна, людзі, якія проста слухаюць дыск, у іх адно ўражанне, а тыя, хто пабываў на канцэрце, кажуць што гэта неба і зямля. Таму пасля жывых канцэртаў стаўленне да музыкі “Троіцы” змяняецца. Тым больш, мы ўсё робім на жыва, у нас няма фанаграм, за якія беларусы, на жаль, вельмі часта плацяць неверагодныя грошы. Наша музыка — даніна продкам. Мы ж канцэрт акурат перад Радуніцай граем. Кажуць, у гэтыя дні продкі ўжо вельмі блізка да нас, яны прыходзяць праверыць, як мы жывем. Таму наш канцэрт будзе прысвечаны і ўсім продкам, якія, дарэчы, і пакінулі нам гэты фальклор.

Нагадваем, размаўлялі мы з гуртом Троіца, якому сёлета спаўняецца 15 гадоў. Юбілейны канцэрт адбудзецца 23 красавіка ў філармоніі, колькасць квіткоў абмежаваная, таму паспяшайцеся. Усю размову з этна-трыа неўзабаве можна будзе пачытаць на нашым сайце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі