У гарвыканкаме Гродна патлумачылі, чаму знеслі казарму ХІХ стагоддзя

Руйнуюць гістарычную забудову Гродна 

Руйнуюць гістарычную забудову Гродна  / t.me/urbanhrodna

На цокальным паверсе казармы ХІХ стагоддзя ў Гродне хацелі пабудаваць гаражы, але выявілася, што сцены не вытрымаюць. Таму будынак знеслі, хаця спярша абяцалі захаваць. Так ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама патлумачылі знос будынка, перадае тэлерадыёкампанія "Гродна плюс".

Першапачаткова забудоўшчык распрацаваў праект, які прадугледжваў захаванне гістарычнага будынка казармы на вуліцы Шчорса, 2. Меркавалася рэканструяваць будынак пад шматкватэрны жылы дом, а цокальны паверх перарабіць пад гаражы. Але ўжо на стадыі падрыхтоўчых работ выявілі, што апорныя здольнасці сцен не адпавядаюць нарматывам. Кампанія, якая займалася абследаваннем, пацвердзіла, што цэгла страціла свае ўласцівасці і таму немагчыма гарантаваць бяспеку аб'екта.

Цяпер кажуць пра частковы дэмантаж неналежных апорных канструкцый. А будынак абяцаюць ўзвесці з захаваннем габарытаў і характару ранейшай архітэктуры. Чыноўнікі нават заяўляюць, што пры будаўніцтве выкарыстаюць цэглу знесенага будынка "пасля дбайнай праверкі па марозаўстойлівасці і апорнай здольнасці".

Праект атрымаў узгадненне гарадскога і абласнога камітэта архітэктуры і будаўніцтва і станоўчае заключэнне Дзяржбудэкспертызы па Гродзенскай вобласці.

Ці знясуць другую казарму комплексу XIX стагоддзя па Шчорса, 4, у гарвыканкаме не ўдакладняюць.

Пра знос казармы ХІХ стагоддзя ў Гродне стала вядома 13 сакавіка. Гэта адзін з найстарэйшых ваенных гарадкоў у Беларусі, які захаваўся ў арыгінальным выглядзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі