У сталовай Мінсельгасхарчу ў трэндзе – калдуны, у Мінсувязі – каша

Падчас паслання да народа Аляксандр Лукашэнка папракае няправільным харчаваннем.

“Ну навошта есці мяса з бульбай!? Ну паеш з селядцом, з рыбай. Навошта ты на ноч, разам з гэтай бульбай жарэш мяса і кладешся спаць", — павучае кіраўнік краіны.

У абед накіроўваемся ў міністэрскія сталовыя, каб паглядзець, чым харчуюцца чыноўнікі. Сталовая Міністэрства сельскай гаспадаркі поўная людзей. Бяруць дранікі з мясам, бульбу з мясам, баршчы. Дранікі з мясам і смятанай каштуюць 14 тысяч.

“У нас дранікі добра бяруць і пячонку “па-царску”. Вельмі добра катлеты ідуць. Заўтра, вось, галубцы будуць. Супрацоўнікі міністэрства збольшага кашы бяруць і катлету”, — пералічваюць у сталовай трэндавыя стравы.

Бяруць тут і дыетычныя стравы, але няшмат.

За салат з сокам аддаю 14 тысяч. У чарзе каля дзясятка чалавек. Перада мной мужчына бярэ два дранікі са смятанай, суп і салат. Выходзіць крыху больш за 40 тысяч.

У сталовай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі бульба ― першая ў спісе гарніраў. Пюрэ і гуляш са свініны  - у раёне 20 тысяч. Бяруць “па эканомнаму”, расказваюць у сталовай.

“Бяруць кашы, макароны. Бяруць і курыцу, і натуральнае мяса. У нас жа 7 відаў страў, там усё ёсць”, — агучваюць меню у сталовай. Адну папулярную страву выдзеліць не могуць.

У рэстаране “Застолле”, які прымыкае да будынка Урада, мае ў меню ажно 8 другіх страў на абед. Меню змяняецца кожны дзень.

“У нас бяруць і мачанку, і рыбу, і дранікі з каўбасой. Такога няма, каб адну страву толькі бралі. У нас за дзень па 450 абедаў, усё на аматара ёсць”, — апісваюць у сталовай.

Мяса з бульбай можна есці, але не кожны дзень — адразу кажа дыетолаг, дырэктар цэнтра аздараўленчага харчавання і спрыяння здароўю Элеанора Капітонава:

“Ёсць тлустае мяса, але ёсць і дыетычнае. У нас традыцыйна ўжываюць свініну, мы ж любім скваркі, мы любім, каб мяса было тлустае. У невялікай колькасці гэта не шкодна. А калі шмат, гэта выклікае адкладанне лішніх тлушчоў у арганізме. Бульба сама па сабе ― выдатны прадукт. Але калі бульбу есці кожны дзень, гэта таксама можа быць лішняе тлушчаадкладанне і як вынік ― дыябет”, — тлумачыць Элеанора Капітонава.

Яна дазваляе есці нават на ноч, але толькі за тры гадзіны да сну.

“Калі мы наеліся і паклаліся спаць, то арганізм складуе харчовыя рэчывы, якія ён атрымаў. Пажадана, калі чалавек працуе ў першую змену, і ежу больш актыўна ўжываць у першай палове дня. І трэба каб 3-4 гадзіны прайшло пасля прыёму ежы і сну”, — расказвае эксперт.

Па дадзеных статыстыкі, 55% беларусаў пакутуюць ад атлусцення. Гэты паказчык лічыцца сярэднееўрапейскім.

Фота: ladymilk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі