25 Сакавіка плануюць зрабіць святам яднання нацыі

Аб’яднаная кааліцыя дэмакратычных сілаў Беларусі прыняла рашэнне аб арганізацыі масавай акцыі 25 сакавіка — на Дзень Волі. Да гэтага моманта ішлі спрэчкі наконт вызначэння даты. Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, выступаў за арганізацыю акцыі 19 сакавіка, з нагоды гадавіны мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Нават зараз ён лічыць, што не прынцыпова, калі праводзіць акцыю - 19 ці 25 сакавіка. Пазіцыю АГП нам растлумачыў намеснік старшыні Сяргей Альфер:

«Мы з’яўляемся прыхільнікамі ўдзела ў добра арганізаванай акцыі гэтай вясной. Паколькі мы працуем у Аб’яднанай дэмакратычнай кааліцыі, і іншыя суб’екты мелі свае меркаванні наконт даты правядзення акцыі, мы згадзіліся з датай 25 сакавіка.

Я лічу, што на сённяшні дзень нам нельга драбіцца на некалькі маленькіх акцый і лепш будзе, калі мы ўсе аб’яднаем свае сілы ды зробім больш-менш прыстойную акцыю. Таму мы, канешне, будзем ўдзельнічаць у акцыі на Дзень Волі».

Год таму людзі, пасля закрыцця выбарчых участкаў, засталіся на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, зладзіўшы намётавае мястэчка. Мы папрасілі выказацца наконт будучай акцыі 25 сакавіка адну з яго каардынатараў Крысціну Шацікаву:

«Я згодна з прынятым рашэннем, таму што дата 25 сакавіка — традыцыйна для нашага народа. Людзі заўжды прыходзяць на акцыі 25 сакавіка, гэта мае сэнс.

Мой погляд — будзем выходзіць, а што рабіць — гэта будзе нашым маленькім сакрэтам. Паверыў, значыць перамог.

Я сапраўды спадзяюся, што большы адсотак выйдзе на вуліцу, для гэтага ёсць усе перадумовы. Я проста вельмі хачу верыць у тое, што мінулы год не прайшоў бясследна.

Я згодна з тым, што павінна быць такая радыкальная мера вырашэння падобных праблем, таму што існуе вялікая колькасць людзей, якія з намі згодны, але не гатовыя рызыкаваць сабою і іх можна зразумець. Таму такая акцыя сапраўды патрэбна».

Больш рэальнай бачыць будучую акцыю Малады Фронт. Яны нават згодны ізноў прастаяць на плошчы з 19 па 25 сакавіка. Гаворыць сябра моладзевай арганізацыі Зміцер Хведарук:

«У гэтым годзе некаторымі дзеячамі было прапанавана вярнуцца на плошчу. На наш погляд гэта, на вялікі жаль, пры дадзеным палітычным становішчы немагчыма.

Ды і ладзіць дзве акцыі на тыдзень гэта не есць добрая думка. Таму было прынята рашэнне ўчыніць вялікую акцыю апазіцыі 25 сакавіка, яго падтрымалі ўсе суб’екты палітычнай рады.

Самі планы Маладога фронту: мы выступаем як адны з арганізатараў і хочам стаць лакаматывам гэтай кампаніі.

Планы ў нас вельмі буйныя і даляглядныя, а што з гэтага атрымаецца - мы усе пабачым 25 сакавіка на плошчы».

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч не лічыць будучыя сакавіцкія падзеі чымсці вырашальным для Беларусі. Ён параўноўвае святкаванне 25 сакавіка з Новым годам:

«Я не бачу ніякай мэтазгоднасці ў такіх акцыях. Але гэта не значыць, што я адмаўляю ў праве ці неабходнасці іх правядзення.

Такія рэчы праводзіць неабходна, але ж гэта хутчэй мае рытуальны характар: нагадаць пра сабе і здзейсніць норму.

Таму гэтыя акцыі не мэтазгодныя, а нормазгодныя. Яны павінны праводзіцца па норме: як мы святкуем каляндарныя святы.

У памяць, па-першае, БНР, а, па-другое, звязаных з гэтым падзей апошніх гадоў. Таму я кажу, што праводзіць трэба, але не трэба шмат гаварыць і надаваць гэтаму вялікае значэнне.

Ніякіх падставаў да таго, каб з гэтай акцыі адбылося нешта — няма».

Сапраўды вызначальным для беларускага народа лічыць будычы Дзень Волі моладзевы актывіст Аляксей Шыдлоўскі:

«Хутчэй за ўсё гэта будзе не пратэст, а акцыя яднання беларусаў і святкаванне Дня Волі, які плануецца зрабіць святам прымірэння нашага народа ды яднання нацыі.

19 сакавіка моладзь, якая была на плошчы, людзі, якія прыдумалі плошчу Каліноўскага, прыдуць, каб неяк ушанаваць гонар герой са свечкамі, ці неяк па-іншаму.

Усё яшчэ распрацоўваецца. Але ж асноўныя мерапрыемствы будуць 25-га».

Фота litota_

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі