Абноўленае мінскае “Дынама” пачало чэмпіянат КХЛ з разгрому
Абноўленае мінскае “Дынама” пачало чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі з разгрому. У сераду, 23 жніўня, на “Мінск-Арэне” ў прысутнасці амаль 14 тысяч заўзятараў дынамаўцы прайгралі фінскаму “Ёкерыту” — 1:6 (0:2, 1:0, 0:4). Мінчукам не хапала дысцыплінаванасці, зладжанасці ў дзеяннях на пляцоўцы. Ужо на 11-й хвіліне канадзец Джасцін Фантэйн у сваім першым паядынку за “Дынама” атрымаў матч-штраф. У другім перыядзе гаспадары пляцоўкі “ўзарваліся”, пачалі актыўна атакаваць і ледзь не зраўнялі лік. Аднак у трэцім перыядзе здарыўся сапраўдны правал.
Адзначым, што першую і пакуль адзіную шайбу мінскага “Дынама” ў сезоне закінуў нападаючы Куінтан Хаўдэн (гл. відэа). У пятніцу, 25 жніўня, дынамаўцы прымаюць “Віцязь”, пачатак у 19.30.