Адміністрацыя прэзідэнта не раскрывае спіс памілаваных чыноўнікаў

Адміністрацыя прэзідэнта не раскрывае спіс памілаваных чыноўнікаў

Адміністрацыя прэзідэнта не паведамляе поўны спіс былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам і ўладкаваных на кіруючыя пасады. Пры гэтым чыноўнікі ведамства спасылаюцца на службовую таяніцу.

Запыт пра такі спіс у Адміністрацыю адправіла інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Адказ, які падпісаў начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Уладзімір Пенін, інфармуе: "Такое рашэнне Прэзідэнтам было прынята з улікам персанальнага падыходу да разгляду кожнай кандыдатуры, а таксама характару ўчыненага дзеяння. Паколькі памілаванне ажыццёўленае ў выглядзе вызвалення ад адбыцця як асноўнага, так і дадатковага пакарання, якое прадугледжвае пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, далейшае працаўладкаванне памілаваных асоб, у тым ліку на кіруючыя пасады, не супярэчыць заканадаўству".

На пытанне, як такое памілаванне адпавядае антыкарупцыйнай палітыцы дзяржавы, у Адміністрацыі прэзідэнта не адказалі.

На сёння вядома пра пяць былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, асуджаных за карупцыйныя злачынствы, але вызваленых датэрмінова і ўладкаваных на кіруючыя пасады. Гэта былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў, экс-старшыня Чашніцкага райвыканкама Уладзімір Булай, былы намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Ігар Стасевіч, былы гендырэктар ААТ "Магілёўдрэў" Андрэй Вусаў, экс-намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Волкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі