Адміністрацыя прэзідэнта пакуль не дазволіла вяртанне рэгіянальных газет

Як стала вядома “Еўрарадыё”, вяртаць следам за “Народнай воляй” і “Нашай Нівай” у сістэму распаўсюду ўсе пазбаўленыя гэтай магчымасці незалежныя СМІ ўлады не спяшаюцца. Прынамсі, “Белпошта” на гэта дазволу “зверху” не атрымлівала. Днямі стала вядома, што дзве незалежныя рэспубліканскія газеты «Народная воля» і «Наша Ніва» нібыта не толькі вярнуцца ў шапікі “Саюздруку”, але і будуць трапляць да чытача праз паштовую падпіску  “Белпошты”. Між тым такой магчымасці акрамя ўзгаданых двух пазбаўленыя больш за дзесятак як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных газет.

Як паведаміў “Еўрарадыё” выдавец «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук, яшчэ ў сярэдзіне верасня ён даслаў лісты ў “Саюздрук” і “Белпошту”, каб наноў аднавіць супрацоўніцтва. Пакуль адказ прыйшоў толькі з “Белпошты”. І ён адмоўны. Адказу з “Саюздруку” няма да гэтага часу. Такая рэакцыя дзяржаўных устаноў прымусіла выдаўца «Газеты Слонімскай» і яго калегаў з іншых выданняў звярнуцца наўпрост да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Віктар Валадашчук: “Тыдзень таму ўсе галоўныя рэдактары газет падпісалі ліст на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта спадара Макея. У лісце распавялі пра тую сітуацыю, якая склалася з тымі газетамі, што не маюць на сённяшні дзень права распаўсюджвацца праз шапікі “Саюздруку” і праз рэспубліканскую і абласную падпіску. Але пакуль ніякага адказу мы не атрымалі”.

Паводле слоў выдаўца, ён тэлефанаваў кіраўнікам абласных аддзяленняў “Саюздруку” і “Белпошты”. Яны нібыта не супраць аднавіць супрацоўніцтва, але чакаюць дазволу “зверху”. І нават не ад свайго кіраўніцтва.

Віктар Валадашчук: “Гэта ўсё павінна вырашацца ў Мінску, у Адміністрацыі прэзідэнта. Калі яны дазволяць і астатнім газетам працаваць так, як працавалі да студзеня 2006 года, тады ўсе газеты вернуцца і ў каталог падпісны, і ў шапікі “Саюздруку”. Гэта ўсё залежыць ад волі вышэйшых дзяржаўных чыноў”.

Чакаюць адказу з прэзідэнцкай адміністрацыі і ў “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, па чыёй ініцыятыве і з’явіўся на свет гэты зварот галоўных рэдактараў недзяржаўных газет. Паводле слоў старшыні ГА “БАЖ” Жаны Літвіной, яна вельмі спадзяецца на станоўчы адказ, але прагназаваць, як яно будзе на самой справе, не бярэцца.

Жана Літвіна: “Проста два выданні, якія вяртаюцца ў сістэму распаўсюду, - гэта не вырашае праблему. Праблема гэтая сістэмная і ахоплівае амаль два дзясяткі незалежных выданняў. Але, на жаль, прагназаваць, як яно будзе далей, зараз вельмі складана”.

Тое, што пытанне распаўсюду незалежных СМІ вырашаецца на самым высокім узроўні, пацвердзілі Еўрарадыё і ў “Белпошце”. Паводле слоў намесніцы начальніка ўпраўлення падпіскі друкаваных СМІ “Белпошты” Аксаны Чычко, ліст наконт уключэння “Народнай волі” і “Нашай Нівы” ў дадатак да падпіснога каталога ім прыйшоў “зверху”, а вось наконт астатніх пакуль нічога не чуваць.

Аксана Чычко: “На сённяшні дзень нам прыйшлі два лісты і яны (“Народная воля” і “Наша Ніва”, - аўт.) былі ўключаныя ў каталог. Па астатніх пакуль ціха”.

Нагадаем:

На сёння, паводле інфармацыі прэс-службы ГА "БАЖ", застаюцца пазбаўленымі распаўсюду праз гандлёвую сетку прадпрыемстваў «Саюздруку» рэспубліканскія газеты: «Товарищ», «Новы час» і рэгіянальныя выданні: «Бобруйский курьер», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета для Вас» (Івацэвічы), «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Нясвіжскі час».

Не маюць магчымасці патрапіць да чытача праз паштовую падпіску: «Товарищ», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Новы час», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press».

З-за немагчымасці нармальна распаўсюджвацца ў 2008 годзе незалежныя рэгіянальныя газеты «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час» (Пінск) былі вымушаныя прыпыніць выхад. Раней з гэтых жа прычын (а таксама з-за праблемы з друкам у Беларусі) прыпынілі існаванне друкаваныя выданні: «БДГ Деловая газета», «Салідарнасць», «Биржа информации» (Гродна), «Местная газета» (Ваўкавыск), «Химик» (Наваполацк) і некаторыя іншыя выданні.

Гл. таксама на гэтую тэму: Незалежныя газеты патрапяць у каталог уклейкай альбо іх упішуць ад рукі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі