Адвакатам рэкамендавалі размаўляць з журналістамі "пад запіс"
Прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў прапанаваў юрыстам новы стыль дачыненняў са СМІ.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні "Аб выкананні заканадаўства асобнымі адвакатамі г. Мінска" на сайце Міністэрства юстыцыі.
Адвакатам прапанавана "правяраць прыналежнасць інтэрв’юера" і "запісваць звесткі пра прадстаўніка СМІ", а таксама рэкамендавана "запісваць пытанні прадстаўнікоў СМІ і даваць пісьмовыя адказы, патрабуючы ўзгаднення канчатковай рэдакцыі публікацый" — каб "пазбегнуць дваістай трактоўкі прадстаўленай інфармацыі".
Такое рашэнне калегія прыняла па выніках праверкі, у часе якой даследавала публікацыі "непраўдзівых фактаў", выкладзеных у шэрагу СМІ ад імя адвакатаў. Гаворка ідзе пра інфармацыю датычна вязняў СІЗА КДБ, абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19-20 снежня ў Мінску, паведамляе прэс-служба ГА "БАЖ".