Акцыю апазіцыі на Дзяды завяршыў мітынг у Курапатах
Акцыю апазіцыі на Дзяды завяршыў мітынг у Курапатах. Сюды прыйшлі ўдзельнікі шэсця, якія традыцыйна сабраліся ля гадзіннікавага завода, насупраць парка Чалюскінцаў і рушылі пешшу ва ўрочышча праз мікрараён Зялёны Луг.
У шэсці, якое арганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, удзельнічала каля 200 чалавек. Яны прыйшлі ў Курапаты, каб усталяваць новыя крыжы і памаліцца за тых, хто стаў ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Менавіта тут у 1930-я гады адбываліся масавыя расстрэлы.
Шэсці на Дзяды адбываюцца ў Мінску штогод з 1988 года, калі гісторыя Курапатаў пачала асвятляцца ў СМІ і атрымала вялікі розгалас.
4 лістапада КХП-БНФ плануе зладзіць шэсце ў Лошыцкі яр — яшчэ адно месца масавых расстрэлаў.