Актывістка БРСМ і сябра выбаркама пераехала ў Польшчу — а так можна было?
Яна Кур'яновіч / Еўрарадыё
Гісторыямі беларусаў, якія пасля жнівеньскіх падзей з'ехалі з краіны, цяпер нікога не здзівіць. Дзясяткі апанентаў Аляксандра Лукашэнкі пакінулі радзіму праз пераслед з боку ўладаў. Тысячы рэлакаваліся, таму што перасталі звязваць сваю будучыню з такой Беларуссю, якой яе бачыць Лукашэнка.
Аднак сустракаюцца і ўнікальныя выпадкі эміграцыі, калі Беларусь пакідаюць, здавалася б, самыя што ні ёсць прыхільнікі дзейнай улады.
Слухач Еўрарадыё расказаў нам пра Яну Кур'яновіч з Ваўкавыска. Паводле яго слоў, дзяўчына са школьных часоў была актывісткай БРСМ, а на прэзідэнцкіх выбарах была ў выбарчай камісіі. Бацькоў Яны наш суразмоўнік называе "яшчэ тымі ябацькамі": маці працуе ў сярэдняй школе №4 Ваўкавыска настаўніцай гісторыі, дзе на занятках расказвае, "як дрэнна на Захадзе і як добра ў Беларусі", А бацька — у МНС. Чытач абураецца: бэкграўнд з БРСМа і ўдзел у выбарах не перашкодзілі беларусцы кінуцца на "загнілы Захад".
У сацсетках знаходзім Яну Кур'яновіч з Ваўкавыска. Там ёсць і фота з дыпломам аб заканчэнні каледжа, і з мамай Надзеяй Кур'яновіч (такі выкладчык гісторыі ёсць у школе №4). Па інстаграм-акаўнце Яны можна зразумець, што дзяўчына брала актыўны ўдзел у жыцці каледжа — мноства фота з розных урачыстых мерапрыемстваў у актавай зале.
На партале "Зубр" дзяўчыну з імем і прозвішчам Яна Кур'яновіч знаходзім у спісе выбарчай камісіі на ўчастку для галасавання №10, які працаваў якраз у Ваўкавыскім каледжы УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы". Вылучана ў камісію яна была ад (вось дык штука!) БРСМ.
"Зубр" не зарэгістраваў ні аднаго парушэння на гэтым участку. Але гэта тлумачыцца вельмі проста:
"Увага! Па звестках ZUBR, гэта камісія ажыццяўляе сваю дзейнасць без незалежнага назірання. Гэта стварае перадумовы для магчымых фальсіфікацый. Калі ласка, станьце назіральнікам на гэтым участку".
Але незалежныя назіральнікі на выбарчым участку №10 у Ваўкавыску так і не з'явіліся.
З фота, апублікаваных на платформе "Голас", даведваемся, што на гэтым участку за Аляксандра Лукашэнку прагаласаваў 1 чалавек, за Андрэя Дзмітрыева — 2, за Святлану Ціханоўскую — 173. Гаворка толькі пра тых, хто зарэгістраваўся на платформе. Афіцыйныя звесткі УВК там таксама адсутнічаюць.
Старшынёй камісіі на ўчастку была Алена Бернат, псіхолаг і сацыяльны педагог каледжа. Жанчына — дасведчаны кіраўнік выбарчых працэсаў: узначальвала УВК і на парламенцкіх выбарах 2016, і на выбарах 2019 года. Увесь час вылучалася ад праўладнай грамадскай арганізацыі "Белая Русь".
Яна ў Польшчы?
Апошні пост Яны датуецца 8 жніўня: дзяўчына ў бікіні адпачывае дзесьці на пляжы з пальмамі — да берага Балтыйскага мора не вельмі падобна. У захаваных сторыз не знайсці ні намёку на Польшчу, у якую, па сцверджаннях нашага суразмоўніка, яна пераехала.
Аднак увагу прыцягвае перадапошні пост ад 15 ліпеня — вясельныя фатаграфіі. Па падабайках вызначаем яе мужа — нехта Vitali Golt з апісаннем профілю... "Belarus v Polsce". На старонцы хлопца ўсяго тры фатаграфіі, пад якімі хлопец расказвае пра... пераезд у Польшчу.
І пад першай фатаграфіяй наступнае апісанне: "З чаго б пачаць... Уся гэта гісторыя пачалася 09.08 з фразы маёй каханай жонкі: "Калі ты яшчэ хочаш паехаць у Польшчу, можаш ехаць, я цябе толькі падтрымаю і потым прыеду да цябе".
Допіс заканчваецца прапановай дапамагчы парадай для тых, хто збіраецца пераехаць. Мы "скарысталіся дапамогай". Літаральна ў другім паведамленні Віталь сам прызнаецца, што ў яго ёсць карта паляка і нацыянальная віза, а жонка "зараз прыехала": "Ёй зрабіў працоўнае запрашэнне, і яна адкрыла працоўную візу на шэсць месяцаў".
У апошнім на цяперашні момант запісе свайго дзённіка беларус расказвае пра Любін, дзе ён абжываецца: "Большая частка фота зробленыя ў парку, простым гарадскім парку, куча дзіцячых пляцовак, каруселяў, кантактны заапарк (не фоткаў, бо шмат людзей у жывёл), кавярня на тэрыторыі парку. Усё чыста і прыбрана. І ведаеце што я вам скажу, як чалавек з 40-тысячнага горада: прабачце, вядома, але загнілы Захад мне падабаецца больш", — рэзюмуе хлопец.
А ў нядзельных сторыз Віталя мы можам назіраць за шчаслівай маладой сям'ёй з Ваўкавыска: пара праводзіць выхадныя ў старым горадзе Уроцлава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.