Святлана Алексіевіч: Калі трактар цягне па полі крыжы, гэта страшна
Святлана Алексіевіч, фота Зміцер Лукашук
4 красавіка работнікі Бараўлянскага лясгаса пад аховай міліцыі выкарчавалі і вывезлі крыжы, усталяваныя ў мінулым годзе ўздоўж урочышча Курапаты, месца масавага пахавання расстраляных у 30-х гадах мінулага стагоддзя людзей. Такое "навядзенне парадку" стала, па словах прэс-сакратара прэзідэнта Наталлі Эйсмант, выкананнем даручэння Аляксандра Лукашэнкі, агучанага ім падчас "Вялікай размовы" 1 сакавіка. Тое, што адбылося ў Курапатах, Еўрарадыё каментуе лаўрэатка Нобелеўскі прэміі Святлана Алексіевіч.
Якія пачуцці і эмоцыі ў вас выклікала гэтая інфармацыя пра знос крыжоў, якія Дашкевіч са сваімі таварышамі летам мінулага года усталяваў ва ўрочышчы Курапаты?
Зразумейце, справа ж не ў тым, што гэта Дашкевіч ўсталяваў крыжы. Проста ўлады вырашылі праверыць, праглыне гэта грамадства ці не. Але я не ведаю, у якой бы краіне гэта было яшчэ магчыма. Усюды б выйшлі тысячы людзей на пратэст, таму што, калі трактар цягне па полі крыжы, гэта страшна.
А што гэтым учынкам ўлада хоча праверыць?
Калі крыжы ўжо можна зняць і цягнуць па полі экскаватарам, то з гэтым народам можна рабіць усё што заўгодна. Вось што яны хацелі праверыць.
Шмат хто кажа пра тое, што такое стаўленне ў нашага народа, таму што няма гістарычнай памяці. І тое, што адбылося ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў Курапатах, так і не даследаванае, там так і не зрабілі годнага мемарыяла, так і не зрабілі ўсё раскопкі, так і не назвалі ўсіх імёнаў, хто там быў расстраляны. Як вы думаеце, звязана гэта ці не?
Вядома, гэта звязана. Не асудзілі катаў, не асудзілі саму ідэю. Нават у пуцінскай Расіі не ўяўляю, каб там цягнулі крыжы па зямлі трактарамі. Ён (Пуцін) наадварот мог праехацца па падобных месцах і сказаць правільныя словы, то, чаго я ад нашай улады не чула. Наадварот, чула ад яе пра тое, каб туды з'ездзіць у гэты рэстаран (маецца на ўвазе "Паедзем, паядзім". — Еўрарадыё) выпіць там чарку або кубак гарбаты... Аўтарытарная ўлада рэдка належыць інтэлектуалам як гэтага Платон хацеў. Не, гэтага не адбываецца — яна ў руках прымітыўных людзей.
На вашу думку, ці мае значэнне, гэтыя крыжы былі там устаноўленыя законна ці не?
З пункту гледжання ўладаў, Курапаты — гэта наогул незаконны помнік. Я думаю, што нават калі наш народ не збярэцца супраць гэтага, у душы ў кожнага гэта застанецца. Гэта для ўлады вельмі вялікая памылка. Людзі гэта запомняць. Я сёння ішла ад урача, і чула ў грамадскім транспарце, як гэта абмяркоўвалі людзі і хрысціліся: "О, Божа! Ужо крыжы пачалі валіць!". Я здзіўляюся, як палітык, які адказвае за ўсю краіну, мог такое зрабіць.
Можа гэта чырвоны чалавек, які апісаны ў вашых кнігах, дзейнічае, а не разумны палітык?
Думаю што так. Доўгая ўлада разбэшчвае. Любая прыкмета народнай ініцыятывы выклікае выбух негатыву. Яшчэ тое, што адбылося ва Украіне — феномен Зяленскага — напалохаў і Лукашэнку, і Пуціна. Ім здавалася, што ўсё ж такі стабільна, а вось Украіна, у якой ёсць нейкая дэмакратыя, паказала, што народ думае.
Я вось думаў, што было б класна, каб у Святланы Аляксеевіч была б кніга, напісаная ў яе стылі, пра сталінскія рэпрэсіі. Не думалі пра такую кнігу?
Не, вы ведаеце, я чытала агульную гісторыю сацыялізму, калі тое, што было ў СССР можна назваць сацыялізмам, і калі я хацела хоць бы кавалкі на гэтую тэму ўнесці ў кнігу "Час сэкандхэнд", гэта аказалася немагчымым. Нешматлікія ахвяры рэпрэсій, якіх я сустракала, былі ўжо занадта старыя, як і карнікі — ужо ў маразме. Там ужо ад людзей мала што заставалася — суцэльная біялогія. З гэтай тэмай я спазнілася. Гэта рабілі Шаламаў і Салжаніцын. Я не думаю, што я б па ідэі куды-небудзь далей прайшла.
Як вы думаеце, усе гэтыя падзеі (працягненне часу засакрэчвання дакументаў у архівах КДБ і нежаданне ўладаў нешта рабіць у Курапатах) гэта звязана?
Вядома! Яны хочуць зацэментаваць гэты час і ўсю гэтую сталінскую гісторыю. Ім жа патрэбная гісторыя, а калі яны ледзь крануць Сталіна, то ніякай гісторыі няма: нават перамога ў Вялікай айчыннай вайне — гэта суцэльная мясарубка і кроў. Лепш спадзявацца на тое, што наступяць новыя часы, і гэта ўсё само забудзецца.
І Зміцер Дашкевіч, і Павел Севярынец сказалі, што Бог усё бачыць і ўладам гэта ўсё вернецца. А як вы лічыце?
Усё ў чалавечым грамадстве трымаецца вакол рэлігіі. І калі на такое замахнуцца, то, вядома, зямля ў цябе пад нагамі паплыве. Гэта вельмі небяспечна.
Я б хацела ад нашых цэркваў і каталіцкай, і праваслаўнай, больш дакладнай і сумленнай рэакцыі на тое, што адбываецца. Царква — гэта інстытут, якому людзі ўсё ж давяраюць. Яе слова было б вельмі важным.
Вы ўжо казалі, што з боку ўладаў гэтая падзея — праверка народа. А што, на ваш погляд, калі не знос крыжоў можа ўскалыхнуць беларускі народ?
Я б не хацела зневажаць народ і казаць, што яго можа ўскалыхнуць толькі праблема хлеба. Я так не думаю. За гэтыя трыццаць гадоў выраслі новыя людзі, і народ ужо трохі іншы, які не думае так, як наша ўлада. Што стане штуршком для народа, складана прадбачыць. Вось паглядзіце на пакаленне Лукашэнкі, нават паглядзіце на пакаленне Парашэнкі, як бы я добра да яго ні ставілася, але гэта людзі ўжо мінулага часу. Вось, напрыклад, Зяленскі — вось гэта новыя фігуры, якіх вылучае час. А ў нас часы сярэднявечча, калі па полі цягнуць крыж... І гэта адбываецца ў той час, калі Лукашэнку трэба шукаць яднання са сваім народам на глебе нацыянальнай ідэі перад расійскай небяспекай. І тым не менш, ён ідзе на такі крок. Я такога не разумею. Але гэта зноў кажа пра тое, што дзесьці расце наш Зяленскі.