Палесцінскім журналісткам далі прэмію імя Паліткоўскай — іх ухваліла Алексіевіч
Хінд Аль Худары
Палесцінскія журналісткі атрымалі прэмію імя Ганны Паліткоўскай. Яе прысуджае арганізацыя RAW in WAR (Reach All Women in WAR — "Дапамагчы кожнай жанчыне ў агні вайны").
Камітэт па намінацыях заявіў, што "глыбока ўзрушаны самаадданай і рашучай упартасцю", з якой журналісткі з Газы "асвятляюць пакуты мірных жыхароў і выступаюць у абарону чалавечнасці на фоне грубых парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынствах", перадае novayagazeta.eu.
Лаўрэатак пахваліла і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якая была лаўрэаткай гэтай прэміі ў 2018 годзе, а цяпер з'яўляецца сябрай камітэта па намінацыях.
"Пакуль вайскоўцы і палітыкі гавораць мовай вайны, жанчыны-журналісткі абараняюць жыццё, ахвяруючы сваім уласным жыццём пад абстрэламі. Ратуюць само жыццё. Яны нам распавядаюць праўду пра пакуты свайго народа. Жанчыны заўсёды абараняюць жыццё, таму што жыццё прыходзіць у гэты свет праз жанчыну", — заявіла беларуская пісьменніца.
Аднак не ўсе так станоўча ацэньваюць дзейнасць узнагароджаных журналістак. Беларуска Дар'я Альперн-Каткоўская, якая жыве ў Ізраілі, піша пра ўзнагароджаных Сальму Аль-Каддумі і Хінд Аль Худары: "Акрамя таго, што гэтыя "адважныя дзяўчаты" асвятляюць "разню ў Нусейраце" (а менавіта так называюць аперацыю па выратаванні чатырох закладнікаў пару месяцаў таму), Хінд Аль Худары вядомая тым, што ў 2020-м годзе здала ХАМАС палесцінскіх хлопцаў у Газе, якія рабілі ZOOM-званок з ізраільцянамі ў якасці спробы "наладзіць зносіны". Падлеткаў абвінавацілі ў "спробах нармалізацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.