Алеся Макаева аштрафавалі на 9 мільёнаў

Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў сталічнага прадпрымальніка Алеся Макаева вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў).

Паводле суда, парушэнне было ў тым, што Макаеў прыняў удзел у сходзе прадпрымальнікаў на сталічным рынку “Ждановічы”. 1 сакавіка гандляры абмяркоўвалі, як ім дзейнічаць у новых умовах, бо з 1 сакавіка ў Беларусі забаронена гандляваць несертыфікаванай прадукцыяй легпраму. Хоць Міністэрства эканомікі паабяцала іпэшнікам не правяраць у іх сертыфікаты і не караць штрафамі, большасць прадпрымальнікаў перастрахавалася і проста не выйшла на працу.

На рынку Алеся Макаева затрымалі праваахоўнікі і праводзілі яго ў пастарунак. Пасля размовы з начальнікам Цэнтральнага РУУС Артурам Шахлаем і дачы пісьмовых тлумачэнняў з нагоды сходу прадпрымальніка адпусцілі.

На наступны дзень некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адвезлі Макаева ў Цэнтральны РУУС, калі той выйшаў у краму па цыгарэты. Сёння ж адбыўся суд, які пакараў прадпрымальніка штрафам.

Адметна, што з дому яго фактычна выманілі тэлефонным званком ад невядомага, які паведамляў, што нібыта мае “вельмі важную інфармацыю”. Невядомы суразмоўца спрабаваў дамовіцца пра сустрэчу. Макаеў і яго жонка вырашылі, што такім чынам міліцыя спрабуе вызначыць яго месцазнаходжанне і сталі збіраць рэчы для адбывання арышту ў турме на Акрэсціна, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі