Антыдопінгавая лабараторыя ў Беларусі не можа прайсці ліцэнзаванне ў МАК

Антыдопінгавая лабараторыя ў Беларусі не можа прайсці ліцэнзаванне ў МАК

У Беларусі бліжэйшым часам не з’явіцца ліцэнзаваная міжнародная антыдопінгавая лабараторыя. Пра гэта заявіў начальнік аддзела па развіцці алімпійскага руху Нацыянальнага алімпійскага камітэта Дзмітрый Даўгалёнак, паведамляе Interfax.by

Паводле функцыянера НАК, “у дачыненні антыдопінгавай лабараторыі ў Беларусі стаіць нейкае табу і забароны”. Вырашыць гэтае пытанне пакуль не атрымліваецца. Міжнародны алімпійскі камітэт адмаўляе такой лабараторыі ў акрэдытацыі і не тлумачыць прычынаў. Дзмітрый Даўгалёнак адзначае, што ва ўсім свеце ёсць каля 30 ліцэнзаваных антыдопінгавых лабараторыяў і МАК не хоча павялічваць іх колькасць.

Тым часам беларускі бок зацікаўлены ва ўласнай лабараторыі, напярэдадні Еўрагульняў-2019 так можна “разгрузіць фінансавы складнік у плане пробаў”. Цяпер бліжэйшая, маскоўская лабараторыя “замарожаная”, таму даводзіцца выкарыстоўваць лабараторыі ў іншых краінах. І чым хутчэй туды дастаўляюць пробы, тым даражэй гэта каштуе.

Наяўнасць уласнай лабараторыі дазволіла б Беларусі зарабіць, бо на ўсёй тэрыторыі Мытнага саюза ёсць толькі дзве такія арганізацыі — у Расіі і ў Казахстане. Пры гэтым колькасць ужывання допінгу беларускімі спартоўцамі ў апошнія гады знізілася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі