Арганізатары ЧШ: патрабаванне плаціць міліцыі — гэта парушэнне Канстытуцыі
25 красавіка арганізатары “Чарнобыльскага шляху” паведамілі, што традыцыйнае шэсце 26 красавіка не адбудзецца. Грамадскія актывісты адмовіліся плаціць больш за 5 тысяч рублёў за паслугі міліцыі. Арганізатары тлумачылі ўладам, што самі забяспечаць парадак падчас акцыі, але па законе МУС усё роўна выставіць рахунак.
Шэсце павінна было прайсці па маршруце: Акадэмія навук — вуліца Сурганава — парк Дружбы народаў.
“Мерапрыемства, якое было заяўлена на 26 красавіка, не будзе, — распавяла Еўрарадыё сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. — Мы адмаўляемся плаціць за паслугі міліцыі. Сёння [25 красавіка. — Еўрарадыё] у мяне была сустрэча ў ГУУС, там мне сказалі, што не могуць вызваліць нас ад аплаты. І выставілі рахунак — 5 737 рублёў. Пытанне тут не ў грошах, а ў нашай пазіцыі. Мы адмаўляемся аплочваць паслугі міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў, бо гэта парушэнне нашага канстуцыйнага права на свабоду сходаў”.
Кавалькова дадае, што заяўнікаў на правядзенне дазволенай акцыі больш няма. У выпадку, калі людзі збяруцца на шэсце, мерапрыемства будзе прызнанае несанкцыянаваным.
“Чарнобыльскі шлях” — традыцыйнае шэсце, прымеркаванае да гадавіны памяці Чарнобыльскай аварыі ў 1986 годзе. Першае шэсце адбылося ў Мінску ў 1989 годзе.