Аркадзь Ізраілевіч хутчэй за ўсё — у СІЗА КДБ
Затрыманы сілавікамі бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч хутчэй за ўсё знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Пра гэта паведамляюць reform.by і Радыё "Свабода".
Жонка Ізраілевіча Маргарыта напісала карэспандэнту "Свабоды", што яе муж затрыманы, але дзе ён знаходзіцца — невядома. "Чатыры дні мы можам толькі здагадвацца, што з ім і як ён. Спадзяемся, заўтра, на 5-ы дзень адвакаты змогуць трапіць і атрымаць нейкую афіцыйную інфармацыю", — напісала Маргарыта Ізраілевіч.
Тым часам reform.by са спасылкай на ўласныя крыніцы піша, быццам жонка перадала Ізраілевічу перадачу ў СІЗА КДБ.
Звесткі, што затрыманага бізнэсоўца трымаюць у сумна вядомай "амерыканцы", ананімная крыніца паведаміла і ў каментары Радыё "Свабода". Па звестках гэтай крыніцы, у Ізраілевіча з'явіўся новы адвакат і наведаў ізалятар КДБ.
Тым часам афіцыйнага пацвярджэння, што бізнэсовец затрыманы, дагэтуль няма. Ніводная сілавая структура не пацвердзіла свайго ўдзелу ў гэтай справе. У каментары "Свабодзе" ўвечары 5 лістапада ў аддзеле па сувязях з грамадскасцю КДБ заявілі, што Ізраілевіча не затрымлівалі.
Бізнэсовец набыў шырокую вядомасць у сувязі са скандалам вакол рэстарана "Поедем поедим" каля ўрочышча Курапаты, у яго былой ахоўнай зоне. У СМІ паведамлялася, што Ізраілевіч мае дачыненне да будаўніцтва і дзейнасці рэстарана, пастаўленага каля месца масавых расстрэлаў.