Астролаг: У 2016 годзе ваенныя пагрозы абмінуць Беларусь
У новым годзе большасць ваенных пагроз абміне Беларусь, але краіна сутыкнецца з праблемай адсутнасці рэформ, у тым ліку ў сістэме кіравання, прагназуе беларускі астролаг Уладзімір Васюк. Паводле яго слоў, геаграфія канфліктаў будзе пашырацца — да ўжо існых зон ваеннай напружанасці дададуцца новыя ачагі ў Азіі і Лацінскай Амерыцы. Не стане меншай і тэрарыстычная пагроза. У сакавіку, красавіку, а таксама жніўні 2016 года на поўначы Еўропы, ва ўсходніх штатах ЗША і Ізраілі не выключаныя буйныя атакі тэрарыстаў кшталту тэракта 11 верасня 2001 года, інфармуе БелаПАН.
Што да Беларусі, то тут астролаг прагназуе "шмат гутарак пра неабходнасць рэформ", якія не будуць рэалізаваныя на справе.
Паводле слоў Васюка, на гады праходжання Юпітэра па знаку Дзева — а 2016-ты менавіта такі год — асаблівае значэнне набывае роля бюракратычнага апарату і адміністрацыйнага рэсурсу. "Гэта можа спарадзіць усплёск карупцыі і, як вынік, могуць быць скандальныя працэсы, звязаныя з выкарыстаннем некаторымі высокапастаўленымі чыноўнікамі свайго становішча ў асабістых мэтах", — адзначыў астролаг.
У новым годзе, падкрэсліў ён, востра стане пытанне замены старой гвардыі, якая добра асвоіла сваё "месца пад сонцам", на новыя кадры. У адваротным выпадку давядзецца мірыцца з ростам кантролю адміністрацыйнага апарату над заканадаўчай і выканаўчай уладай на ўсіх узроўнях. Зоркі ўказваюць, што добрым крокам можа стаць такая ратацыя кадраў, пры якой ва ўрадзе з'явіліся б новыя асобы, здольныя інакш глянуць на сітуацыю. А вось адсутнасць якіх-небудзь кадравых перамен і перастановак на працягу хаця б дзесяці месяцаў 2016 года будзе вельмі дрэннай палітыкай, прагназуе астролаг.
Становішча на рынку працы ў Беларусі працягне пагаршацца. Пры росце лішку прапановы працоўнай сілы ў выйгрышы застануцца тыя, хто мае добрую кваліфікацыю або валодае вузкай спецыялізацыяй у сваёй прафесіі. "Калі вы жадаеце знайсці добрую працу ў найбліжэйшыя 12 месяцаў, паспрабуйце даказаць свайму патэнцыяльнаму работадаўцу здольнасць хутка вучыцца і, што самае галоўнае, — гарантаваць высокую якасць выкананых абавязкаў", — раіць Васюк.
Фота: ria.ru, Fotolia