Айцішнікі валяць з Беларусі. IT-адукацыя не патрэбная, перспектыў няма?
Айці-адукацыя ў Беларусі больш не прывабная? / unsplash.com
У Беларусі бацькі запісваюць школьнікаў на айці-курсы, каб дзеці далучаліся да праграмавання да паступлення ў профільныя ВНУ. Кар'ера ў "айцішачцы" прыцягвае маладых людзей. Аднак цяпер беларускія айцішнікі разам з айці-кампаніямі пакідаюць Беларусь. Масавая рэлакацыя праграмістаў пачалася ў рэпрэсіўным 2020 годзе і паскорылася пасля падтрымкі Беларуссю расійскай агрэсіі ва Украіне.
Ці ёсць сэнс школьніку рыхтавацца да айці-кар'еры ў Беларусі, калі айцішнікі з'язджаюць за мяжу?
— На самай справе сітуацыя для гэтых дзяцей цяпер больш спрыяльная, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік праекта "Народны падручнік" Сяргей Альшэўскі. — Калі яны з дзяцінства пачнуць рыхтавацца, то ўжо пасля паўнавартаснага працэсу навучання будуць канкураваць на міжнародным рынку.
А гэта іншы ўзровень заробкаў, патрабаванняў і магчымасцяў. Усе гэтыя курсы не бессэнсоўныя. Бацькі павінны разумець, што калі раней яны арыентавалі дзяцей на беларускі айці-рынак, то цяпер трэба будзе арыентавацца на міжнародны. І гэта крутая канкурэнцыя, крутая магчымасць.
Калі хлопцы і дзяўчаты будуць паступаць у профільную ВНУ ў Беларусі, то ім будзе складаней канкураваць на міжнародным рынку. На жаль, месцамі ўзровень айці-адукацыі кульгае, скажам так. Але ў цэлым тут няма нічога страшнага. Маючы веды, уменні і навыкі, ты спакойна можаш канкураваць. Гэта тэма для размовы з дзецьмі пра тое, што зараз трэба аддаць належную ўвагу англійскай мове, без якой будзе складаней працаўладкавацца.
— Зразумела, што маладому чалавеку, джуніяру ў айці-галіне, будзе складаней трапіць на працу ў айці, — дзеліцца меркаваннем з Еўрарадыё эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі. — Калі раней, умоўна, офіс вялікай кампаніі знаходзіўся ў Мінску і людзі пачыналі працаваць ужо на трэцім-чацвёртым курсе, то цяпер гэта будзе больш складана. Можа быць, што маладога работніка кампаніі не захочуць адразу пераводзіць у Еўропу.
З іншага боку, трэба разумець, што той жа самы ўмоўны завод, як альтэрнатыўная опцыя для маладых работнікаў, таксама будзе пагаршацца. Гэта не тая з'ява, калі айці-кампаніям складана знаходзіцца ў Беларусі і яны выязджаюць, а ўсе астатнія застаюцца і працягваюць працаваць як нічога і не было. Наш рынак працы, вельмі магчыма, чакаюць сур'ёзныя ўзрушэнні. Лішніх прац на заводах таксама не будзе.
Таму маладым людзям, якія цяпер пачынаюць кар'еру [ў айці-сферы. — Еўрарадыё], можна толькі паспачуваць. Гэта сур'ёзнае ўзрушэнне, і яно, хутчэй за ўсё, паўплывае на іх далейшую кар'еру.
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што праграміст не прападзе пры любым раскладзе.
— Айці — гэта, напэўна, самая канвертаваная прафесія, з якой лягчэй за ўсё пераехаць у іншую краіну, — тлумачыць Леў Львоўскі. — Калі ў Беларусі вы топавы высокааплатны адвакат, то вам значна складаней будзе стаць ім жа ва ўмоўнай Літве. А калі вы спецыяліст у галіне машыннага навучання, то вам будзе значна лягчэй пераехаць і застрахаваць свой лёс ад падзей у Беларусі. Так, стаць айцішнікам будзе складаней. Але і плюс ад выбару такой прафесіі ў пэўным сэнсе павялічваецца. Гэтым людзям давядзецца ў меншай ступені разлічваць на працяг сваёй кар'еры ў Беларусі.
"Чорная метка беларуса"
Акей, выпускнік ВНУ атрымаў неабходныя веды. Але пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка выставіў Беларусь хаўрусніцай краіны-агрэсара, стаўленне да беларусаў — як мінімум на Захадзе — змянілася. Ці стане цяпер замежны працадаўца скоса глядзець на спецыяліста з Беларусі?
— Калі ты спецыяліст, то ўсё роўна, адкуль ты родам. Важна, ці падзяляеш ты каштоўнасці і мэты кампаніі, у якой працуеш. Айці — гэта больш высокаадукаваны, скажам так, пласт людзей, і я думаю, што пытанняў да такіх хлопцаў і дзяўчат не будзе, — лічыць Сяргей Альшэўскі.
— Грамадзянства Беларусі пакуль што не стала чорнай меткай. А вось пражыванне і праца ў Беларусі ў многіх месцах становіцца чорнай меткай, — кажа Леў Львоўскі. — Таму цяпер назіраецца больш масавая рэлакацыя айці-кампаній, чым у 2020 годзе. Прычын гэтаму некалькі. Некаторыя кліенты адмаўляюцца працаваць з айці-кампаніямі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Не хочуць плаціць грошы ў Беларусь.
Другая прычына — нашы кампаніі карыстаюцца замежнымі сэрвісамі. Воблачнымі сховішчамі, вылічальнымі магутнасцямі, закупляюць "жалеза" і гэтак далей. Некаторым кампаніям адмаўляюць у куплі гэтых сэрвісаў, калі кампанія знаходзіцца ў Беларусі.
Трэцяя прычына — розныя лагістычныя праблемы, звязаныя ў тым ліку з тым, што стала складаней пераводзіць грошы. Раптам мы апынуліся ў свеце, дзе ў айцішнікаў перабоі з заробкамі.
Чацвёртая прычына — бяспека супрацоўнікаў. Трэба разумець, што ў нас узмацнілася ваенная цэнзура, а многія айці-кампаніі адкрыта падтрымліваюць Украіну. Паколькі Беларусь знаходзіцца па іншы бок барыкад, то гэта значыць, што супрацоўнікі такой кампаніі рызыкуюць больш, калі жывуць у Беларусі.
Пятая прычына — прыцягненне грошай. Цяпер, калі інвестары даведваюцца, што ў вас ёсць магутнасці ў Беларусі, то яны менш ахвотна згаджаюцца інвеставаць у ваш праект.
Заняпад "Айці-краіны"?
Атрымліваецца, што праграмісты выязджаюць, а інвестары не гараць жаданнем укладвацца. "Айцішачка" ў Беларусі памірае?
— Я думаю, што беларуская айці-галіна не загіне, а проста перастане знаходзіцца ў Беларусі, — лічыць Леў Львоўскі. — Перспектывы ПВТ, вядома, імкліва пагаршаюцца. Наколькі пагаршаюцца — мы пакуль не ведаем. Калі кампаніі рэлакуюцца, яны нікому не даюць справаздачы пра дакладныя лічбы. Мы ўбачым гэта ў найбліжэйшыя паўгода ці год, калі дзяржаўная статыстыка не будзе засакрэчаная.
Паколькі заходнія кампаніі будуць сыходзіць, некаторыя айці-кампаніі пераарыентуюцца на дзейнасць унутры Беларусі ці на расійскі рынак. Але гэта не будзе масава праз тое, што гэтыя рынкі будуць станавіцца менш плацежаздольнымі. І наўрад ці варта гаварыць пра тое, што большасць нашых айці-кампаній, якія перш за ўсё арыентаваныя на краіны Захаду, раптам пераарыентуюцца на беларускі ці расійскі рынак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.