Азаронак і Бондарава раздражняюць, бо былі нікім: адкуль разлад у "ябацек"
На калажы Вольга Бондарава, Рыгор Азаронак, Святлана Вараніца і Ігар Марзалюк / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кіраўнік праўладнай партыі "Белая Русь" Алег Раманаў сцвярджае, што ніякага расколу ў арганізацыі няма. Яму давялося рабіць гэтую заяву пасля таго, як намесніца кіраўніка "Белай Русі" Гродзенскай вобласці Святлана Вараніца абурылася паводзінамі "інфаказачкі" Вольгі Бондаравай і прапагандыста Рыгора Азаронка, які таксама сябра партыі.
— Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаранкоўшчынай і бондараўшчынай, не хачу, каб іх запалохвалі казематамі Лубянкі і новым Жданавым са Сталіным.
Такое супрацьстаянне ў шэрагах прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ўзнікае не ўпершыню. У лютым 2023 года Вольга Бондарава падала скаргу ў пракуратуру на дэпутата Ігара Марзалюка. Нібыта ён распальвае варожасць, падтрымліваючы беларускую мову.
Дык ёсць раскол ці не? Еўрарадыё даведалася ў экспертаў.
Раздражняюць, бо былі нікім да 2020 года
Вараніца магла цалкам шчыра абурыцца, не думаючы пра палітыку партыі, лічыць дацэнтка, кандыдат гістарычных навук, незалежная экспертка Роза Турарбекава. Аднак гэта прыкмета таго, што незадаволеныя ў сістэме Лукашэнкі сапраўды ёсць.
— Прыклад гэтай ідэалагічнай работніцы — гэта якраз прыклад таго, што, хутчэй за ўсё, унутры краіны і ўнутры дзяржапарату ёсць нямала людзей, якія наогул абураныя хамскімі паводзінамі Азаронка. Гаворачы пра паводзіны Бондаравай, мне бывае складана падабраць словы нялаянкавага характару. Гэта чалавек, які загубіў і літаральна працягвае губіць лёсы людзей [Бондарава данесла на загінулага ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна].
Цяперашнія палітычныя працэсы ў Беларусі адлюстроўваюць менавіта такія людзі, як Бондарава і Азаронак. Таму заява Вараніцы выглядае дзіўна, лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч.
— Менавіта Азаронак у найбольшай ступені адлюстроўвае настроі Аляксандра Лукашэнкі. Ён, што называецца, унутраны голас Лукашэнкі. Азаронак кажа тое, што не наважваецца сказаць сам Лукашэнка. "Азаронкаўшчына" — гэта найвышэйшая форма лукашызму ў яго таталітарным варыянце. А тое, што з'яўляюцца нейкія нападкі на яго, — думаю, яны маргінальныя і пакуль выглядаюць трохі дзіўнымі. Бо людзі, якія крытыкуюць Азаронка, не разумеюць, што яны крытыкуюць Лукашэнку.
Можа, выпады праз тое, што Азаронак і Бондарава занадта прарасійскія?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.