БАТЭ з цяжкасцю давёў да нічыёй сустрэчу з "Гранітам"
4 кастрычніка прайшлі чарговыя матчы 22-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Барысаўскі БАТЭ сустракаўся з мікашэвіцкім "Гранітам". Пры выйгрышы барысаўская каманда магла б ужо стаць 12-ы раз чэмпіёнам Беларусі.
Аднак гульня ў лідара чэмпіянату не заладзілася. Першы гол на 6-й хвіліне ў браму барысаўчанам забіў Аляксей Цімашэнка. І амаль да самага канца гульні захоўвалася гэтая галявая перавага "Граніта".
Толькі на 82-й хвіліне Неманья Мілунавіч амаль з 25 метраў пацэліў у браму сапернікаў, выраўняўшы лік. Аднак на большае сілаў і часу ў БАТЭ не хапіла, таму гульня скончылася з лікам 1:1.
Вынікі іншых матчаў: "Гомель" — "Нафтан" — 1:4, "Шахцёр" — "Мінск" — 1:0. У суботу "Белшына" перамагла "Тарпеда-БелАЗ" — 1:0, "Славія" разгромна прайграла "Слуцку" — 1:6, "Нёман" саступіў "Віцебску" — 0:1. Заўтра ў апошнім матчы тура згуляюць дынамаўцы Мінска і Брэста.
БАТЭ за чатыры туры да фінішу мае 53 ачкі, мінскае "Дынама" — 40 і матч у запасе. Калі дынамаўцы страцяць ачкі ў заўтрашнім матчы, барысаўчане датэрмінова стануць чэмпіёнамі. "Мінск" і "Шахцёр" маюць па 37 ачкоў, "Белшына" — 36.
Фота: ФК БАТЭ