"БЧБ, Пагоня і N.R.M.": 20 гадоў альбому “Тры чарапахі”
12 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў культаваму альбому гурта N.R.M. “Тры чарапахі”. Сюды апроч аднайменных “Трох чарапах” увайшлі “Катуй-ратуй”, “Дзед Мароз”, “Худсавет”, “Чыстая-светлая”, “Мы жывем някепска” і іншыя трэкі. А яшчэ на кружэлцы фактычна няма паўз паміж песнямі — на той час гэта было сапраўдным вынаходніцтвам.
“Я разумеў, што мы робім нешта асаблівае, таму што гэта быў не проста набор песень — яны былі яшчэ звязаныя такімі дурнаватымі застаўкамі. Гэта быў мастацкі твор”, — успамінае Лявон Вольскі.
Альбом “Тры чарапахі”, са словаў Піта Паўлава, быў запісаны з трэцяга разу — студыя ў Варшаве музыкам не глянулася, і канчатковы варыянт нарадзіўся пад кіраўніцтвам гукарэжысёра Генадзя Сыракваша ў Мінску. Альбом выйшаў на лэйбле “Бульба-рэкардз” і на касетах прадаваўся паўсюль: ад кіёскаў “Белсаюздруку” да заправак.
“Нечакана з усіх бакоў палезла медыйнасць — а тады ўвогуле не было медыйнасці як факту. Нечакана мы ўбачылі плён сваёй працы не ў сябе ў кішэні ці ў доме, а паўсюль: “О, наш альбом!” Гэта было нязвыкла і нечакана”, — распавядае гітарыст гурта.
Самай папулярнай песняй на альбоме сталі “Тры чарапахі”. Лявон Вольскі кажа, што на кожным альбоме N.R.M. звычайна стараліся зрабіць трэк у стылі поп-панку кшталту “Одзірыдзідзіны” ці “Песні пра каханне” для пазітыву. Гэты альбом не стаў выключэннем:
“Простая гармонія, простая мелодыя, простыя словы. Ну, словы не зусім простыя, як потым высветлілася, але мне, калі пісалася, здавалася, што трэба зрабіць нешта простае. “Тры чарапахі” я напісаў за адзін дзень, толькі выправіў пачатак тэксту, — дзеліцца ўспамінамі Вольскі. — Безумоўна, у песню было закладзенае тое, што калі чакаць, то нічога не атрымаецца. Калі ты чакаеш, што само нешта зробіцца, то нічога не зробіцца. Хутчэй за ўсё гэта меў на ўвазе аўтар, калі пісаў, што сюрпрызаў не будзе. Таму што ўсе думалі, што мы прачнёмся заўтра ў новай краіне. Паходзім на мітынгі, ну, там нешта здарыцца, і ўсё будзе нармальна”.
Падчас Плошчы 2006 года N.R.M. прыдумалі спяваць у прыпеве “Трох чарапах” “чаканне дастала”. Песня не губляе актуальнасці і цяпер, стаўшы адным з галоўных сімвалаў пратэстаў 2020-га.
“БЧБ, Пагоня, і калі працягнуць гэты ланцужок, то на трэцім месцы будзе гурт N.R.M., — перакананы Піт Паўлаў. — Вось гэты святочны натоўп, які мы назіраем кожную нядзелю, — гэта памножаная на тысячы публіка N.R.M. Усе 26 гадоў на сваіх канцэртах я бачыў менавіта гэтыя твары, гэтыя сцягі і гэтыя воклічы. І менавіта там яны навучыліся крычалкам, разуменню, які іх сцяг і хто яны. І калі нехта шукае, што заспяваць на беларускай мове, не трэба шукаць — бо яны гэта спявалі на стадыёнах падчас матчаў, пры вогнішчах, як калыханку сваім дзецям. “Тры чарапахі” — гэта тое, што ведаюць усе”.
Лявон Вольскі кажа, што адчуў, што прыйшла народная слава, калі пачуў “Тры чарапахі” ў пераходзе. Цяпер прызвычаіўся, што песню ведае ці не кожны беларус:
“Можна сказаць, што ў мяне ёсць значна лепшыя песні, але так казаць не зусім правільна. Таму што гэта добрая песня. Нармальная”.
Еўрарадыё віншуе Лявона, Піта, Алезіса і Юрася з юбілеем!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.