БелАЭС ужо два тыдні не працуе, але афіцыйна пра гэта не паведамляюць
АЭС бярэ неабходную для працы электрычнасць з агульнай энергасістэмы краіны
БелАЭС ужо два тыдні не працуе, але афіцыйна пра гэта не паведамляюць. Анансаваўся толькі "планавы рамонт" першага энергаблока. Другі энергаблок быў на рамонце летам-восенню, у сярэдзіне кастрычніка яго ўключылі ў сетку, але цяпер высветлілася, што зноў не працуе. Ён адключаны з-за парушэння герметычнасці першага контуру, які з'яўляецца носьбітам радыёактыўнай асяроддзя і знаходзіцца на абслугоўванні рэактарнага цэха, паведамляе "Зеркало" са спасылкай на сваю крыніцу. У прыёмнай гендырэктара БелАЭС пацвердзілі, што другі энергаблок сапраўды не працуе.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адключэнне другога энергаблока Беларускай АЭС адбылося ў ноч на 4 снежня. Прайшлі больш за два тыдні, а афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма дагэтуль.
На сённяшні дзень АЭС бярэ неабходную для працы электрычнасць з агульнай энергасістэмы краіны. У Астраўцы сцвярджаюць, што ўзровень радыяцыі ў межах нормы.
Другі энергаблок БелАЭС быў уведзены ў прамысловую эксплуатацыю 1 лістапада 2023 года. Яго ўпершыню ўключылі ў сетку 13 траўня 2023-га, але пасля неаднаразова адключалі. "Першы планава-папераджальны рамонт" ішоў з 26 ліпеня — 79 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.