Беларусь абмежавала ўвоз украінскага піва, але атрымаўся "стрэл у нагу"
Як жыць без замежнага піва? / nordprod.livejournal.com
Еўрарадыё заўважыла, што з прылаўкаў многіх беларускіх крамаў знікла ўкраінскае піва. У крамах, дзе яно яшчэ засталося, прадаўцы адказваюць, што новыя партыі піва з Украіны пакуль не завозяць, прадаюць старыя запасы.
Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці так гэта на самай справе, і патэлефанавала буйному айчыннаму імпарцёру.
— Увоз украінскага піва закрыты пакуль што, — адказвае рэгіянальны кіраўнік кампаніі. — МАРГ [Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. — Еўрарадыё] афіцыйна не выдае ліцэнзію на ўвоз піва, і на гэтым усё. Закрылі ўсе маркі піва — "Чарнігаўскае", "Запарожскае" і гэтак далей. Наколькі я зразумеў, гэта было абгрунтавана тым, што ў нас свая піўная галіна даволі развітая і піва "для сябе" досыць.
Па словах мужчыны, на бізнесе кампаніі гэта адбілася, і яшчэ як.
— Аб'ём украінскага піва быў даволі-такі значны. Тая ж "Абалонь" была сур'ёзна прадстаўлена ў Беларусі.
Кіраўнік аддзела экспарту ўкраінскай піваварнай кампаніі "Абалонь" канчаткова растлумачвае сітуацыю, якая склалася.
— Цяпер імпарт асобных тавараў можа ажыццяўляцца па разавых ліцэнзіях, што выдаюцца МАРГ па ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі. У гэты пералік трапіла шмат тавараў з Украіны, у тым ліку і піва.
Фармальна экспарт украінскай прадукцыі не перакрыты: калі ласка, звяртайцеся ў кампетэнтнае ведамства, праходзьце індывідуальнае ліцэнзаванне. Але гэта толькі фармальна.
— Імпарцёр, які хоча завезці ў Беларусь прадукт, абавязаны звярнуцца ў "Белдзяржхарчпрам", маўляў, я хачу завезці такую колькасць тавару, — працягвае прадстаўнік "Абалоні". — Калі адказ ад "Белдзяржхарчпрама" станоўчы, то далей трэба ісці ў МАРГ. Але далей за "Белдзяржхарчпрам" ніхто не прайшоў на сённяшні дзень.
Чаму піва і іншыя ўкраінскія тавары не пускаюць у Беларусь?
— Цяпер гісторыя ва ўзаемаадносінах паміж краінамі на самай справе складаная. Гэта [фактычная забарона на ўвоз. — Еўрарадыё] як адзін з рычагоў, якія дзейнічаюць на бягучы момант.
Па факце пачынаючы з чэрвеня ў нас як у экспарцёра няма магчымасці пастаўляць нашу прадукцыю ў Беларусь. Для нас як для вытворцы гэта стала сур'ёзнай праблемай. Для нашых партнёраў у Беларусі гэта таксама стала сур'ёзнай праблемай, таму што яны, па сутнасці, прыпынілі сваю дзейнасць на сённяшні дзень. Гэта для многіх стала праблемай. Калі паглядзіце спіс, то ён досыць вялікі. Там вытворцы піва, кандытарскіх, папяровых, кардонных вырабаў.
У пералік тавараў з Украіны, якія павінны прайсці "індывідуальнае ліцэнзаванне", трапілі прысмакі і іншыя прадукты, якія змяшчаюць какаву, а таксама сокі і піва.
Акрамя прадуктаў харчавання, паўстаў гандлёвы бар'ер для матэрыялаў ДСП і ДВП, шпалер, туалетнай паперы, кардоннай і папяровай упакоўкі, керамічнай цэглы і пліткі, шкляных ампул, радыятараў і вырабаў з чорных металаў, сельгасмашын для апрацоўкі глебы, рознай мэблі і пральных машын.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.