Беларус можа ахвяраваць кандыдату 115 долараў, а ўкраінец – 46,5 тысячы

18 лістапада пачнецца самы цікавы этап выбарчай кампаніі – агітацыя. Еўрарадыё вырашыла параўнаць фінансавыя магчымасці прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі і суседніх краінах.

 

 Краіна Велічыня фонду 
(у доларах)
 Максімальны ўнёсак грамадзяніна
(у доларах)
 Беларусь 61 300 (разам з 26,6 тысяч
 долараў з бюджэту)
 
 115  (350 тысяч бел. рублёў)
 
 Літва 1 020 000 16 410  (42000 літаў)
 
 Польшча 5 300 000 6 760  (19755 злотых)
 
 Расія 12 760 000 191 000  (6 млн рас. рублёў)
 
 Украіна Не абмежаваны 45 650  (362800 грыўняў)


Так, на агітацыю падчас выбараў кандыдат у прэзідэнты Беларусі можа патраціць трохі болей за 60 тысяч долараў: 26,6 тысячы выдзяляюцца з бюджэту, каля 35 тысяч можа складаць уласны фонд. Сам кандыдат можа ў яго ўнесці 580 долараў, юрыдычная асоба – не болей за 350, асобны грамадзянін – максімум 115 долараў.

У адрозненне ад Беларусі, у Польшчы дзяржава грошы кандыдатам не дае. 

"Ніякага фінансавання з дзяржаўнага бюджэту няма, ані ў ходзе выбарчай кампаніі, ані пасля выбараў. Ніякіх датацый, выплат коштаў тым выбарчым камітэтам, якія выйгралі, таксама няма", – распавёў эксперт Дзяржаўнай выбарчай камісіі Кшыштаф Лёрэнц (Krzysztof Lorenc).

Па яго словах, палякі могуць пералічваць кандыдатам нашмат большыя грошы, чым у нас.

Кшыштаф Лёрэнц: "Сума выплаты ад фізічнай асобы аднаму выбарчаму камітэту не можа перавышаць 15 памераў мінімальнага заробку, калі дакладна – 19755 злотых".

А гэта амаль 7 тысяч долараў. А ўвогуле выбарчыя камітэты кандыдатаў на папярэдніх выбарах у Польшчы маглі патраціць 5 мільёнаў 300 тысяч долараў (15,5 млн злотых)! 80% з іх – на рэкламу: тэлевізійныя ролікі, плакаты і білборды.

Грамадзянін Літвы можа ахвяраваць кандыдату яшчэ больш, чым у Польшчы, – кажа старшыня аддзела Выбарчай камісіі Літвы па кантролі за фінансаваннем палітычных партый і кампаній Ліната Тронене.

Ліната Тронене: "На папярэдніх выбарах можна было пералічваць да 39000 літаў, але пасля змяніўся закон, і цяпер – 42 тысячы".

А гэта – амаль 16,5 тысяч долараў! Такую самую суму могуць ахвяраваць і юрыдычныя асобы, уключна з палітычнымі партыямі. Усяго на кампанію літоўскі кандыдат можа патраціць больш за 1 мільён долараў. Напрыклад, Даля Грыбаўскайтэ сабрала на кампанію прэзідэнцкіх выбараў 2009 года амаль 200 тысяч дол.

Яшчэ больш дапушчальная сума ахвяраванняў ва Ўкраіне. Кожны ўкраінец можа ахвяраваць свайму кандыдату да 400 памераў мінімальных заробкаў, а сёння гэта больш за 40 тысяч долараў. А абмежаванняў па ўласных грошах кандыдата і грошах партыі няма ўвогуле. Эксперты аценьвалі мінулую прэзідэнцкую кампанію ва Ўкраіне ад 500 млн да 1 млрд долараў.

Нарэшце, у Расіі сума ўсіх выдаткаў кандыдата на выбары можа складаць амаль 13 мільёнаў долараў (400 млн рас. рублёў). Тым, хто выйшаў у другі тур – дазваляецца патраціць яшчэ на тры мільёны долараў больш. Уласныя грошы кандыдата могуць складаць не болей за 10% ад агульнай сумы, сумы ад грамадзян і юрыдычных асобаў – не больш за 1,5% і 7% ад максімальнай сумы адпаведна.

Фота: photo.bymedia.net

Глядзі таксама:

Чаму ў Беларусі самы кароткі агітацыйны перыяд сярод суседніх краін? 

Ці лягчэй зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты ў суседніх краінах?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі