Беларус сабраў у Ізраілі навагоднюю ялінку з абломкаў ракет
Навагодняя ялінка з абломкаў ракет
Былы палітвязень з Гомеля Алег Барадзін сабраў ялінку з абломкаў ХАМАСаўскіх ракет. Іх ён назбіраў непадалёк ад свайго новага дома ў Ізраілі, які знаходзіцца ў 20 км ад Газы.
Памер "дрэўца" невялікі — усяго 70 см. "Але гэта той момант калі я шчыра рады, што яна такая маленькая і [на большую] мне проста не хапіла матэрыялу", — піша Барадзін на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".
Ужо шмат гадоў тэрарыстычная групоўка ХАМАС абстрэльвае тэрыторыю Ізраіля рознага кшталту ракетамі, у асноўным — самаробнымі. 7 кастрычніка 2023 года баевікі ХАМАС выпусцілі па Ізраілі больш за 5 тысяч ракет, а разам з гэтым уварваліся ў краіну, забілі каля 1200 чалавек і каля 240 узялі ў закладнікі.
9-гадовая дачка Алега Барадзіна Марта пасля гэтага пачала ствараць малюнкі для ізраільскіх салдатаў. На дадзены момант яна перадала ім каля 1200 малюнкаў.
На першых малюнках Марта пакідала нумар тэлефона, але званкоў з падзякамі было так шмат, што перастала гэта рабіць. Дзяўчынцы таксама перадалі некалькі фота салдат, якія трымаюць у руках яе малюнкі. Некаторыя вайскоўцы выкарыстоўваюць іх у якасці абярэгаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.