"Яўрэяў пад кантроль". Лукашэнка — антысеміт, і гэта лёгка даказаць

Выказванні Лукашэнкі пра яўрэяў і Ізраіль / @rubanau_collage
За 30 гадоў ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка шмат разоў выказваўся пра яўрэяў і Ізраіль. Некаторыя з яго прамоваў прыводзілі да дыпламатычных скандалаў і рэакцыі ізраільскага МЗС.
Еўрарадыё ўзгадвае самыя антысеміцкія выказванні Лукашэнкі.
"Яўрэйскі Бабруйск — свінушнік"
12 кастрычніка 2007 года на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ Лукашэнка абурыў ізраільцян сваім выказваннем пра яўрэяў. Ён параўнаў "у асноўным яўрэйскі горад Бабруйск" са "свінушнікам".
— Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад? Страшна было зайсці, свінушнік быў. Гэта ў асноўным яўрэйскі быў горад, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі, я вось быў... Я ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, але яны не вельмі клапоцяцца, каб падстрыжаная трава была, як у Маскве, у расіян, беларусаў. Такі горад быў... — сказаў Лукашэнка.
Адразу пасля гэтага пасла Беларусі выклікалі ў ізраільскі МЗС і выказалі сваю незадаволенасць словамі Лукашэнкі.
— Мы шакаваныя і выказваем сваё абурэнне. Акрамя прэзідэнта Ірана, ніхто так не кажа, — заявіў тады намеснік кіраўніка дэпартамента Еўропы і Азіі МЗС Ізраіля Піні Аві.
Сам Лукашэнка ў канфлікце на Блізкім Усходзе абвінаваціў "амерыкосаў", і заявіў, што трэба ствараць палестынскую дзяржаву.
— Гэта бяда. Блізкі Усход — гэта вось як тут, у нас, заўсёды быў тэатр ваенных дзеянняў, то і Блізкі Усход, калі выбухне, то там будзе горача ўсім. Ён будзе падаграваць і нас, і туды далей на поўнач усе краіны. Як там будзе развівацца сітуацыя, аднаму богу вядома. Гэта ж амерыкосы закручваюць там зараз гэтую ўсю каніцель.
А 7 траўня 2024 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што "Ізраіль бамбіць мірнае насельніцтва".
Беларускія ўлады таксама займаюць выключна прапалесцінскую пазіцыю і ігнаруюць тэрарыстычны напад 7 кастрычніка 2023 года. Так, Савет Рэспублікі "рашуча асуджае нанясенне ўдараў па аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры ў сектары Газа, уключаючы лагеры бежанцаў, шпіталі, школы".
Першая і апошняя паездка ў Ізраіль
Днямі гісторык Аляксандр Фрыдман трапна выказаўся пра стаўленне Ізраіля да Аляксандра Лукашэнкі:
"Лукашэнка расказваў, як даказаў падчас сваёй "першай паездкі" ў Ізраіль у 2000 годзе, што не з'яўляецца антысемітам.
Доказы насілі такі пераканаўчы характар, што першая паездка аказалася апошняй. Ізраільскія ўлады за мінулыя 25 гадоў яго так больш і не запрасілі, але затое паспелі некалькі разоў абвінаваціць у антысемітызме".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.