Беларуска Яна Шостак стала кандыдаткай ў дэпутаты на выбарах у Польшчы

Яна Шостак / "Радыё Свабода"

Яна Шостак / "Радыё Свабода"

“Грамадзянская кааліцыя” пацвердзіла ўдзел беларускі Яны Шостак у парламенцкіх выбарах, якія пройдуць у Польшчы 15 кастрычніка.

Месяц таму дзяўчына аб’явіла пра намер балатавацца ў дэпутаткі ад партыі “Зялёныя” і падала заяўку. 16 жніўня з’явіліся спісы кандыдатаў, у якіх самая гучная актывістка Беларусі значыцца пад нумарам 13.

— Акруга 24, ад якой я буду браць удзел у выбарах, — гэта акруга Беластока і ваколіц. Што я адчуваю? Разумею, што найбліжэйшыя два месяцы мяне чакае шмат працы. Цяпер я шукаю каманду людзей, якія будуць дапамагаць мне рыхтавацца, а таксама хадзіць па мясцовых жыхарах і расказваць пра нашу кампанію, — расказвае Яна Еўрарадыё.

Беларуска Яна Шостак стала кандыдаткай ў дэпутаты на выбарах у Польшчы
Спісы кандыдатаў / Еўрарадыё

У парламенце дзяўчына марыць займацца інтэграцыйнай палітыкай, прадстаўляць за мяжой беларусаў і падтрымліваць людзей з іншых краін, якім давялося эміграваць.

— Я ведаю, што ў Польшчы замежнікі сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі на розных узроўнях. Вядома, дапамагаць можна і будучы актывісткай, але, як паказвае практыка, твой голас мае зусім іншую моц, калі ты дэпутатка і можаш на розных узроўнях размаўляць пра сістэмнае вырашэнне гэтых праблем, — гаворыць Яна Шостак.

Калі вы хочаце падтрымаць нашу суайчынніцу ў Польшчы, напішыце ёй sms, пазначыўшы, з якога вы горада і што можаце рабіць.

Нумар тэлефону кандыдаткі: +48570809530.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі