“Жыць тут і цяпер”. Размова з беларускай, якая ідзе ў польскі парламент

Яна Шостак — сучасная мастачка, рэжысёрка, доктарка ўніверсітэта акторскага майстэрства ў Познані / Архіў актывісткі

Яна Шостак — сучасная мастачка, рэжысёрка, доктарка ўніверсітэта акторскага майстэрства ў Познані / Архіў актывісткі

— Бліжэйшым часам "Грамадзянская кааліцыя”, у якую ўваходзяць некалькі партый Польшчы, павінна абвясціць імёны кандыдатаў, пасля чаго можна будзе пачынаць афіцыйную выбарчую кампанію, — кажа Еўрарадыё самая гучная беларуская актывістка Яна Шостак.

У сярэдзіне ліпеня дзяўчына, якая пераехала ў Польшчу 13 гадоў таму, распавяла пра сваё жаданне трапіць у польскі парламент ад партыі “Зялёныя”, каб сур’ёзна заняцца пытаннямі міграцыі і інтэграцыі. Яна ўпэўненая, што вырашаць міграцыйныя праблемы і распрацоўваць інтэграцыйныя праграмы трэба на высокім узроўні.

— Я вылучаюся ад партыі “Зялёныя”, бо бачыла, як яе чальцы дапамагалі мігрантам падчас каранціну, пасля выбараў у Беларусі і пачатку вайны ва Украіне. Звычайна людзі сутыкаюцца са складанасцямі пры запаўненні нейкіх папер, напрыклад, калі падаюцца на міжнародную абарону. Рух “Партызанка” атрымліваў шмат запытаў на такую дапамогу. Вядома, нашыя сілы былі абмежаванымі, таму мы звярталіся да некаторых дэпутатаў. Больш за ўсё нас падтрымлівалі менавіта “Зялёныя”.

Зразумела, што я балатуюся ад іх і з-за поглядаў, якія блізкія майму сэрцу. Ну і ёсць трэцяя нагода: сузаснавальнікам партыі “Зялёныя” ў Германіі быў нямецкі мастак, адзін з лідараў постмадэрнізму Ёзэф Бойс, які з’яўляецца вельмі важнай постаццю і ў мастацтве, і ў актывізме.

 

— Распавядзі падрабязней, чым плануеш займацца як дэпутатка і чаму?

—  Я зрабіла гэты крок, каб прадстаўляць за мяжой беларусаў, а таксама іншых людзей, якім прыходзіцца эміграваць. Я ведаю, што ў Польшчы замежнікі сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі на розных узроўнях. Канечне, дапамагаць можна і будучы актывісткай, але, як паказвае практыка, твой голас мае зусім іншую моц, калі ты з’яўляешся дэпутаткай і можаш на розных узроўнях размаўляць пра сістэмнае вырашэнне гэтых праблем. 

— Вось ты кажаш пра інтэграцыю. Хапае беларусаў, якіх трыгерыць мінулае і, магчыма, яны жадаюць хутчэй інтэграваць. З іншага боку, некаторыя лічаць інтэграцыю падчас рэпрэсій на Радзіме нейкай здрадай, таму трымаюцца свайго беларускага кола, ходзяць у нейкія беларускія месцы. Як жыць з гэтым пачуццём віны?  

— Большая частка людзей разумее, што перш за ўсё і нягледзячы ні на што, мы павінны жыць тут і цяпер. Шмат хто з беларусаў, якім мы дапамагалі, не жадалі вучыць польскую мову, бо лічылі, што пройдзе некалькі месяцаў, і мы ўсе вернемся дадому. Я ўпэўненая, што як бы ні склаўся наш лёс далей, трэба выключаць гэта і ўсё ж вучыць мову краіны, куды пераехаў. З майго пункту гледжання, вельмі важна сваёй працай і яе вынікамі паказваць тым жа палякам — глядзіце, якія мы — людзі з вольнай Беларусі; суперспецыялісты і гэтак далей. Добрая прэзентацыя сябе ў свеце — гэта важна.

Дарэчы, падтрымка беларускіх месцаў і мерапрыемстваў — гэта адна з праяваў салідарнасці. Вядома, хадзіце і прыводзьце туды знаёмых палякаў. Распавядайце ім пра нас, пра нашую культуру. Жывучы тут 13 год, я маю ўжо добрае кола мясцовых знаёмых, якім стараюся паказваць нашыя месцы. Можа, пакуль нехта не да канца ацэньвае, навошта гэта, але ў далейшай перспектыве мы пабачым, якая важная інтэграцыя. І працаваць над ёю можна ўжо сёння.

Восенню 2023 года ў Польшчы пройдуць чарговыя выбары ў парламент. Страсці ўжо бушуюць.

На тэлебачанні ідуць палітычныя дэбаты, прадстаўнікі розных партый абвінавачваюць адно аднаго ў глупстве і папулізме, наперабой абяцаючы пры гэтым палякам шырокі набор сацыяльных праграм.

Акрамя традыцыйных партый — "Права і справядлівасці" з аднаго боку і "Грамадзянскай платформы" з другога — сёлета ім кінуць выклік маладыя і маленькія партыі. Некаторыя настроены вельмі радыкальна, абяцаючы выхад Польшчы з Еўрасаюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі