Беларускі фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі завяршае кар'еру спартсмена
На бліжэйшым чэмпіянаце свету ён ужо не выступіць.
Вядомы беларускі фрыстайліст, прызёр двух Алімпіяд Дзмітрый Дашчынскі вырашыў завяршыць кар'еру спартсмена. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю газеце "АиФ в Беларуси".
"Яшчэ былі сумневы з нагоды выступу ў будучым сезоне, але ўсё вырашыў выпадак, — распавядае Дашчынскі. — Спускаўся па лесвіцы — спатыкнуўся, упаў і зламаў палец. Нібыта, глупства, але месяц правёў у гіпсе, і — бывайце летнія зборы. Затым нагадала пра сябе старая траўма пляча. Так што на бліжэйшым чэмпіянаце свету, які пройдзе ў студзені, я ўжо не выступлю".
Дзмітрыю Дашчынскаму 37 гадоў. На яго рахунку "бронза" Алімпійскіх гульняў 1998 года ў Нагана і "срэбра" Алімпіяды 2006-га ў Турыне.
Нядаўна пра завяршэнне сваіх спартыўных кар'ер аб'явілі таксама алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 у лыжнай акрабатыцы Ала Цупер і алімпійскі чэмпіён Ванкувера-2010 Аляксей Грышын.
Фота — by.tribuna.com